Паэт лічыць, што сам даў наводку злачынцам.

23 сакавіка паэт Сяргей Панізьнік прыйшоў на сваю «Аўтастаянку гаражнага тыпу № 49» (так афіцыйна называецца гаражны масіў) па вуліцы Гурскага, каб заплаціць за 4 месяцы наперад — перад адлётам да дачкі ў Канаду. Заплаціў, пракаціўся па навакольных вуліцах на сваім 25-гадовым «Мерседэсе», каб праверыць спраўнасць аўто, зняў клему з акумулятара — і са спакойнай душой адляцеў.

— Пазней ужо я скумекаў, што фактычна сам даў наводку — ускосна паказаў, што мяне не будзе некалькі месяцаў, да таго ж прадэманстраваў, што беленькі «Мерседэс» добра ездзіць… — сумуе спадар Сяргей.

Прыкладна 8 жніўня, вярнуўшыся з Канады, спадар Панізьнік накіраваўся ў гараж, каб праверыць, як маецца ягоны верны конь.

Карціна адкрылася вусцішная для любога аўтааматара — замкі на гаражы былі зрэзаныя, а машына знікла.

— Я пабег да вартаўніка!.. Ён мне на гэта: «А мы не ходзім глядзець па начах усе гаражы — мы баімся, раптам хто нам па галаве дасць». Я кажу: а яна ж выязджала, як вы маглі яе без пропуска выпусціць?! Кажуць: «Мы не ведаем, як так адбылося».

Паэт напісаў заяву, міліцыя ўзялася расследаваць справу.

Мінула два месяцы — а вынікаў няма.

— Сышоў тэрмін у адзін месяц, адведзены законам для падобнага расследавання, — кажа дазнавальнік Маскоўскага РАУС Іван Шэмчонак. — Цяпер справа прыпыненая, праводзяцца аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы. У гэтых гаражах мы выявілі шматлікія парушэнні, ім вынесена прадстаўленне.

— Якога плана былі гэтыя парушэнні?

— Разумееце, як і ў любым гаражным масіве, вартаўнікі такія людзі, што часткова злоўжываюць спіртным, ведаюць у твар многіх уладальнікаў аўто і выпускаюць іх з парушэннем правілаў…

— Ці ўдалося высветліць, уначы ці ўдзень была скрадзеная машына?

— Гэта цяжка сказаць, бо перыяд часу, пра які ідзе гаворка, вельмі вялікі — некалькі месяцаў.

Ніхто з вартаўнікоў нічога патлумачыць не можа.

— На вашай практыцы з гаражоў, якія ахоўваюцца, кралі аўтамабілі?

— Такіх спраў у мяне не было.

— Сяргей Панізьнік лічыць, што сам мог даць наводку: заплаціў вартаўніку наперад за 4 месяцы, паказаў, што машына на хаду… Вы працавалі з тым вартаўніком?

— Так, ён пацвярджае, што гаспадар заплаціў наперад за некалькі месяцаў — але ці ездзіў на машыне ў той дзень, не памятае. Гэты вартаўнік праходзіць у нас па справе як сведка.

Сяргей Панізьнік дадае, што ў міліцыі яму паведамілі і такую інфармацыю:

— Сказалі: «Мы падазраём аднаго чалавека, але ён сядзіць у турме і не прызнаецца». Я так зразумеў, што знайшлі нейкага ахвярнага казла…

Выпрабавана на сабе

Карэспандэнт «Звязды» таксама выехаў з гэтых гаражоў без пропуска!

Рынкавы кошт такога «Мерседэса» складае цяпер каля 2 тысяч долараў — не самая вялікая сума для зламыснікаў, каб рызыкаваць сесці на некалькі гадоў за краты. Машыну паэт прыдбаў гадоў дзесяць таму — з іх гадоў 8 захоўваў у гэтым гаражы. Увесь гэты час спраўна плаціў унёскі — на цяперашні момант яны складаюць 45 тысяч у месяц (Панізьніку як інваліду другой групы даецца зніжка ў 4 тысячы).

Але нашто такі гараж з аховай, калі машына спакойна выехала з яго без уладальніка і без дакументаў?

З такой радасцю яе можна было трымаць і пад акном…

Едучы аглядаць гараж паэта, я вырашыў правесці эксперымент — паспрабаваць заехаць і выехаць з гаража без пропуска.

Пад’язджаем да шлагбаума… Чаканне секунд 20… І шлагбаум адчыняецца!

Сфатаграфаваўшы апусцелы гараж, кіруюся да выезду. 30 секунд ля шлагбаума… Пасля з будкі выходзіць вартаўнік, пытаецца, дзе мой пропуск.

— Дык я гэта… Да сябра прыехаў!.. — найграна лыпаю я вачыма і для натуральнасці дадаю: — Трэба было пакрышкі яму пакінуць!..

Вартаўнік нешта бухціць, але… адчыняе шлагбаум!..

— Вось так і мой «Мерседэсік» адсюль выехаў… — сумна ўздыхае Сяргей Панізьнік.

Каментар гаражнага кіраўніцтва

«Калі міліцыя прызнае нашу віну — кампенсуем гаспадару страты без суда»

Валерый Пятровіч, намеснік генеральнага дырэктара УП «Гаражы, аўтастаянкі, паркоўкі» кажа, што за апошнія 10 гадоў гэта першы выпадак крадзяжу аўто з іх гаражоў.

— Я не ведаю, як так сталася… — паціскае плячыма Валерый Аркадзевіч. — Ідзе расследаванне. Калі будзе прызнана, што тут віна нашага боку, то гаспадару будзе кампенсаваны кошт транспартнага сродку за кошт арганізацыі. А ўжо пасля мы будзем разбірацца, ці вінаватыя канкрэтныя кантралёры — і спаганяць грошы з іх. Зразумела адно — машыну выпусцілі з тэрыторыі без пропуска — бо пакідаючы стаянку, гаспадар павінен здаць пропуск на захаванне дзяжурнаму кантралёру.

— Якраз пра гэта я і хацеў у вас запытацца. Каб выехаць з гаража на машыне, трэба абавязкова здаць пропуск?

— Так.

— 10 хвілін таму я заехаў і выехаў у гэтыя гаражы без ніякіх дакументаў. Чаму нават пасля такога выпадку дысцыпліна не ўзмоцненая?

— Значыць, будзем разбірацца, наводзіць парадак. Прыцягнем кантралёра да адказнасці за тое, што вас запусціў і выпусціў.

— Увогуле, ці часта з вашых гаражоў крадуць машыны?

— За апошнія 10 гадоў гэта першы выпадак.

— Калі я правільна зразумеў, калі міліцыя прызнае вашу віну, вы гатовыя кампенсаваць гаспадару страты без суда?

— Так, бо на час захоўвання машыны ў гаражы мы нясём за яе адказнасць.

У нас быў нядаўна выпадак, калі працаўнікі фарбавалі з пульверызатараў сетку на плоце і запэцкалі «Порш Каен»,
які стаяў каля плота (такая машына каштуе да 75 тысяч даляраў). Мы кампенсавалі гаспадару страты — больш за 5 мільёнаў рублёў, а цяпер судзімся з арганізацыяй, якая фарбавала плот, каб спагнаць з іх грошы.

— У міліцыі кажуць: апроч таго, што машыны выпускаюць без пропускаў, дык яшчэ і вартаўнікі бываюць нападпітку…

— А вось гэта ўжо поўная хлусня! Калі б міліцыя пабачыла кантралёра нападпітку, яны б яго адлучылі ад нясення службы — і паведамілі нам. Тое самае — гаспадары аўто. Там навідавоку вісяць тэлефоны нашых кругласутачных дзяжурных. Думаю, многія гаспадары, якія клапоцяцца пра свае аўто, скарысталіся б гэтым. Калі мне з міліцыі напішуць такое — я асабіста пайду да начальніка РАУС, і хай мне давядзе гэта. Гэта — паклёп!

Званок юрысту

Якія павінны быць дзеянні гаспадара машыны ў такой сітуацыі?

Пра гэта мы спыталіся ў Юрыдычнай кансультацыі Маскоўскага раёна сталіцы.

— Па-першае, гаспадар можа абскардзіць пракурору рашэнне следчага пра перапыненне справы — хай шукаюць! — гаворыць Алена Цітова, загадчыца Юрыдычнай кансультацыі Маскоўскага раёна сталіцы. — Калі ж яму дадуць адказ, што справу раскрыць немагчыма, немагчыма высветліць асобаў, якія скралі аўтамабіль, то ён можа ў парадку грамадзянскай судавытворчасці звярнуцца да прадпрыемства, якое валодае гэтымі гаражамі. Зразумела, што ў дамове на захоўванне машыны будзе прапісана, што яны нясуць адказнасць за машыну на час знаходжання ў гаражы. Ён можа запатрабаваць ад гаражоў кампенсацыю кошта машыны — бо яны недагледзелі, неналежным чынам ахоўвалі яе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?