Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі адкрываюць тэхнапарк у Чанчуні, belta.by

Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі адкрываюць тэхнапарк у Чанчуні, belta.by

Аляксандр Лукашэнка і старшыня КНР Ху Цзіньтаа 11 кастрычніка абмеркавалі ў Пекіне наяўны стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, а таксама абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях сусветнага парадку дня.

Як паведамляе прэс-служба, Лукашэнка выказаў удзячнасць Ху Цзіньтаа за добры і цёплы прыём, а таксама за «вялікую дапамогу і падтрымку». Прэзідэнт Беларусі падзяліўся сваімі ўражаннямі ад цяперашняга наведвання Кітая і Сусветнай выставы «Экспа-2010» у Шанхаі. «Мы ў чарговы раз уражаны тымі маштабамі, тымі ўнікальнымі праектамі, якія вы ствараеце. Вы дэманструеце ўсяму свету дынамізм», — сказаў Лукашэнка.

Ён зазначыў, што гэта яго шосты візіт у Кітай. «На маіх вачах адбыліся асноўныя падзеі, якія вывелі вас у лідары сусветных дзяржаў. Мы ставімся да нашых поспехаў як да сваіх уласных», — падкрэсліў Лукашэнка.

У сваю чаргу Ху Цзіньтаа зазначыў, што гатовы абмяняцца думкамі па далейшым развіцці адносінаў, а таксама па іншых пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць. Старшыня КНР таксама падкрэсліў, што яму вельмі прыемна праз два гады зноў сустрэцца з прэзідэнтам Беларусі. Ху Цзіньтаа выказаў удзячнасць беларускаму калегу і ўсяму беларускаму народу ад імя ўрада і кітайскага народа за дапамогу ў пераадоленні наступстваў стыхійных бедстваў.

Вечарам быў дадзены абед у гонар прэзідэнта Беларусі ад імя Ху Цзіньтаа.

Апрача таго, 11 кастрычніка Лукашэнка ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця зборачнай вытворчасці і сэрвіснага цэнтра сумеснага прадпрыемства ТАА «АВІК-БелАЗ Кар’ерныя машыны». Заснавальнікамі СП выступілі ААТ «БелАЗ» і кітайская карпарацыя «КАТІК Сэплай».

Лукашэнка таксама правёў сустрэчу з генеральным дырэктарам Кітайскай карпарацыі авіяцыйнай прамысловасці Лінь Цзамінам. Ён прапанаваў карпарацыі рэалізацыю праектаў у Беларусі. «Беларусь і Кітай — гэта сёння надзейныя і эфектыўныя партнёры. 20 гадоў таму мы не памыліліся, выбраўшы Кітай галоўным партнёрам для супрацоўніцтва. Вядома, такая гіганцкая краіна з такой гіганцкай эканомікай не можа не быць зацікаўлена ў прасоўванні сваіх інтарэсаў у Еўропе. Калі вы ідзяце ў Еўропу, то прыходзьце ў цэнтр Еўропы. Мы будзем вам актыўна дапамагаць і падтрымліваць у Беларусі», — сказаў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі прэс-службы, у Пекіне 11 кастрычніка адбылося падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў з удзелам членаў афіцыйнай беларускай дэлегацыі. Беларусь і Кітай падпісалі пакет дакументаў па рэалізацыі сумесных праектаў на 3,5 млрд. долараў.

Як нагадвае прэс-служба, падчас візіту беларускага прэзідэнта ў Кітай у 2005 годзе краіны заявілі аб выхадзе на ўзровень стратэгічнага партнёрства, што было замацавана ў сумеснай дэкларацыі. У жніўні 2008 года Лукашэнка, сустракаючыся са старшынёй КНР, заклікаў Кітай ажыццявіць «вялікі прыход у Беларусь». У сакавіку 2010 года падчас візіту ў Беларусь намесніка старшыні КНР Сі Цзіньпіна былі заключаны шэраг важных пагадненняў, якія дазволілі пачаць прапрацоўку буйных праектаў у крэдытна-інвестыцыйнай сферы. Агульная сума крэдытнай лініі, якая выдзяляецца Беларусі, — 15 млрд. долараў (1 млрд. долараў — льготны крэдыт).

Тавараабарот паміж дзвюма краінамі па выніках 2009 года склаў больш як 1 млрд. 255 млн. долараў. За сем месяцаў 2010 года — амаль 1 млрд. 68 млн. долараў, што складае 160,1% да паказчыка аналагічнага леташняга перыяду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?