Лічыцца, што з’яўленне сівізны — з’ява незваротная. Чалавек сталее, у валасах выпрацоўваецца менш меланіну (пігменту, які вызначае афарбоўку не толькі скуры, але і валасоў), і колер паступова губляецца. З прыродай не паспрачаешся, аднак чым патлумачыць той факт, што серабрыстыя пасмачкі з’яўляюцца на скронях зусім маладых, нават да 30 гадоў, жанчын і мужчын?

Сярод медыкаў няма адназначнага адказу на пытанне, чым абумоўленая ранняя сівізна — збоямі ў эндакрыннай сістэме, спадчыннасцю або іншымі фактарамі. Але ўрачы адзінадушныя ў тым, што ранняя сівізна — гэта не заўчасная старасць, а «званочак», які папярэджвае пра непаладкі ў арганізме і, магчыма, абарончая рэакцыя арганізма на непамерныя нагрузкі. У адных такія нагрузкі прыводзяць да інфаркту, у другіх — да язвы страўніка, а ў некага — да заўчасных сівых пасмаў. На жаль, выраз «прачнуўся сівым» — не выдумка. Дастаткова прыгадаць каралеву Францыі, Марыю-Антуанету, якая, па сведчанні гісторыкаў-відавочцаў, пабялела ў ноч перад пакараннем смерцю.

Цяжкія перажыванні прыводзяць да спазму сасудаў галаўнога мозгу і дробных сасудзікаў, якія сілкуюць кожны волас. У выніку валасы могуць страчваць пігмент, а таксама выпадаць. «Сярэбраны век» набліжае і няправільнае, беднае на бялкі, харчаванне, парушэнне рэжыму дня, начное сядзенне перад камп’ютарам. Так што, прыгажосць нашай шавялюры напрамую залежыць ад ладу жыцця, які варта накіраваць у больш спакойнае рэчышча. Прыгадаем і бабуліны рэцэпты. Бабулі ведалі, што з’яўленне сівізны можна папярэдзіць, прымаючы адвар з кветак канюшыны. 20 г кветак канюшыны заліць 200 г кіпеню, настояць на працягу 30 хвілін, працадзіць. Прымаць 3 разы ў дзень па 2–3 сталовыя лыжкі. Не менш эфектыўна дапамагае змагацца з сівізной сок пятрушкі і сельдэрэю, які варта прымаць па 2–3 сталовыя лыжкі ў дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?