Не, ён спрабуе пазіцыянавацца ў незвычайнай нішы. Піша Андрэй Дынько.

Алесь Міхалевіч ў выпадку абрання прэзідэнтам найперш збіраецца вызначыць статус былога прэзідэнта, а пасля заняцца эканомікай. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю агенцтву «Інтэрфакс-Захад».

На пытанне, ці верне ён «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг, Міхалевіч заявіў, што не будзе займацца такімі рэчамі, што гэта мае вырашыць парламент. «Але я не маю варожага стаўлення да сённяшніх дзяржаўных сімвалаў. Пад імі перамагалі многія беларускія спартоўцы», — удакладніў ён.

Нечаканыя прыярытэты былі акрэсленыя і ў замежнай палітыцы. «Уступленне ў Еўрасаюз — не мэта», — мяркуе Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч пачынаў сваю палітычную кар’еру ў якасці лідэра Задзіночання беларускіх студэнтаў і ў Партыі БНФ. Ён беларускамоўны ў паўсядзённым жыцці.

Цяпер ён спрабуе пазіцыянавацца ў незвычайнай нішы: адкінуць старыя фетышы і зачапіцца за сацыяльныя тэмы, актуальныя для моладзі і сярэдняга слою.
Аднак палітык рызыкуе страціць традыцыйную нацыянал-дэмакратычную базу. Ягоная гутарка на «Інтэрфаксе» выклікала вялікае абмеркаванне ў інтэрнэце. Ягоныя выказванні многімі трактавалася як адыход ад нацыянальных пазіцый.

«Зразумела, што я прызнаю „Пагоню“ і бел-чырвона-белы сцяг як нацыянальныя сімвалы, — патлумачыў кандыдат Міхалевіч „Нашай Ніве“. — Я вырас з гэтым сцягам і гербам. Маё меркаванне, што гэтым пытаннем не павінен займацца прэзідэнт. Яго будзе абмяркоўваць парламент. Нам трэба звыкацца, што кіраўнік дзяржавы мае выканаўчую функцыю. Для мяне важна данесці людзям, што я прапаную паляпшэння ўзроўню жыцця без ломкі сістэмы, якая, трэба прызнаць, ім падабаецца».

Тым самым ён абгрунтоўвае неабходнасць вызначэння статусу былога прэзідэнта. «Гэта найперш датычыць не гарантый, а прававога становішча. Якім яно будзе — залежыць ад сітуацыі. У нас ніколі не было былых прэзідэнтаў, таму і статус іхні ўсё яшчэ не вызначаны».

Ці праўда, што Міхалевіч прэтэндуе на ролю новага Гайдукевіча? — запыталіся мы.

«Спакойна стаўлюся да навешвання ярлыкоў, — адказаў Міхалевіч. — Калі я кажу, што ў мае прыярытэты не ўваходзіць уступленне ў Еўрасаюз, то гэта не значыць, што я гэтага не хачу.

Гэта азначае, што на дадзеным этапе зрабіць гэта нерэалістычна, таму гэтага і няма ў прыярытэтах».

Алесь, ты не называеш сябе ўжо апазіцыяй? — спыталіся мы.

«Не, — пацвердзіў ён. — Я не прадстаўляю ні ўладу, ні апазіцыі. Як, дарэчы, і не крытыкую. Я за мадэрнізацыю без ломкі сістэмы».

Аднак

беларускае грамадства ў палітычным сэнсе застаецца біпалярным. Таму Міхалевіч рызыкуе аказацца між двух крэслаў.
Вынікі прэзідэнцкай кампаніі пакажуць, ці ўдасца яму заваяваць сваю нішу.

* * *

Алесь Міхалевіч нар. у 1975. Ён з сям’і навукоўцаў. Скончыў БДУ па спецыяльнасці паліталогія. Узначальваў Задзіночанне беларускіх студэнтаў, доўгі час уваходзіў у Партыю БНФ. Быў дэпутатам Пухавіцкага райсавета. Жанаты, мае дзвюх дачок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?