Афіцыйны Менск робіць жэсты. Аддалі летувісам самалёт-парушальнік (зь лета думалі). Памякчэлі ў пытаньні пра будаўніцтва ля нашае мяжы сховішча радыёактыўных адыходаў Ігналіны. Паставілі кропку ў порнаскандале з латвійскім дыпляматам. Нарэшце, сьпікер Канаплёў сустрэўся з кіраўніком ПАРЭ ван дэр Ліндэнам, а ўрадавая дэлегацыя правяла ў штаб-кватэры Міжнароднай арганізацыі працы кансультацыі наконт паслабленьняў для незалежных прафзьвязаў.

Аналітыкі загаварылі пра пэрспэктывы дыялёгу з Захадам. Маўляў, Крэмль прыціснуў так, што даводзіцца пакрысе напаўняць рэальным зьместам лёзунг пра шматвэктарнасьць. На думку Яраслава Раманчука, 2007 год увогуле можа стаць пераломным. Экспэрт лічыць, што "рэзкі рост коштаў на энэрганосьбіты змусіць афіцыйны Менск іначай зірнуць на сваё месца на мапе Эўропы".

Але казаць, што воўк у лесе здох, прынамсі рана. Пакуль што пераважаюць жэсты і абяцанкі. Пра імкненьне да сур'ёзнага дыялёгу не выпадае казаць хаця б таму, што не спыняецца рэпрэсіўны канвэер. Толькі што далі два гады праваабаронцы Кацярыне Садоўскай, вось-вось пачнецца закрыты працэс над Зьмітром Дашкевічам.

Зрэшты, і Захад не сьпяшаецца ціснуць. Пад маркай перамоў Менску зь Міжнароднай арганізацыяй працы пытаньне аб санкцыях Эўразьвязу фактычна спусьцілі на тармазах.

Палітоляг Уладзімер Роўда лічыць, што пэўныя эўрапейскія структуры і дзеячы цалкам гатовыя будаваць стасункі зь Беларусьсю ў духу так званай Realpolitik. Маўляў, пугай абуха не пераб'еш, дык мо' заплюшчым вочы на тое-сёе... Бо у мностве практычных пытаньняў (гандаль, транзыт, нелегалы і г.д.) дзейную уладу не аб'едзеш.

Яна ж, са свайго боку, нібы і ня супраць трохі ўлагодзіць дачыненьні. Ну каму прыемна пачувацца неўязным ці страчваць грошы праз санкцыі? Дый эканамічная дывэрсыфікацыя не зашкодзіць. Разам з тым, на думку Ўладзімера Роўды, рэжым элемэнтарна баіцца прывязвацца да Захаду. Нездарма так адбіваліся ад усіх гэтых Сорасаў ды МВФаў! Страх дэмакратызацыі, дакладней яе наступстваў, перарос у фобію. А дэманстратыўнымі заляцаньнямі да Брусэлю можна хіба паказытаць нэрвы Маскве.

Палітоляг Валер Карбалевіч таксама дапускае, што калі пашэнціць дамагчыся ад Крамля кампрамісных коштаў на газ, гульня ў пацяпленьне стасункаў з ЭЗ спыніцца. Хаця ня выключана, што беларуская ўлада адчуе "смак незалежнасьці ад Масквы".

Дарэчы, у апазыцыйных штабох, здаецца, устрывожыліся, што Лукашэнка адбярэ прыярытэт у кантактах з Захадам, выцісьне ўнутраных апанэнтаў і з гэтае дзялянкі. Гэтаксама, як раней пазбавіў манаполіі на незалежніцкую рыторыку.

Шэраг экспэртаў раіць апазыцыйным лідэрам не мітусіцца. Адна рэч — спакваля кансультаваць заходнікаў, каб ня надта наступалі на граблі. Набівацца ж у пасярэднікі ня варта. Сядаць за нейкі бутафорскі круглы стол — таксама рэч сумнеўная. Плён атрымае хіба афіцыйная прапаганда: во, маўляў, прыпаўзьлі мірыцца, праваліўшы сваю "каляровую рэвалюцыю"!

Сёньня ў кіроўных вярхоў не такая крытычная сытуацыя, каб ісьці на прынцыповыя саступкі. Таму, не адкідаючы спробаў дыялёгу, варта засьцерагацца ўцягваньня ў фарс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?