«Перазагрузка» стасункаў з ЗША, размовы пра скасаваньне візаў з Эўрапейскім Зьвязам, бравурныя калянавуковыя развагі пра ўзаемадапаўняльнасьць эканомікаў Расеі і ЭЗ ў адным зь верасьнёўскіх выпускаў блізкага да Крамля часопіса «Эксперт» — назіраем відавочную адлігу ў стасунках Расеі і Захада, перадусім Эўрапейскага Зьвяза. У доўгатэрміновай пэрспэктыве для Расеі больш камфортна мець блізкія стасункі з плюралістычным і культурна блізкім ЭЗ, чым з Кітаем.

Пацяпленьне стасункаў між Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам — гэта дрэнная навіна для сучаснай беларускай улады:

1) Беларусь застаецца па-за кантэкстам гэтага збліжэньня,

2) Шавіністычныя расейскія палітолягі дададуць, што беларускае кіраўніцтва пазбаўляецца такога важнага рэсурса для сваёй так званай «лімітрофнасьці», як супярэчнасьць між вялікімі цэнтрамі і магчымасьці гэтую супярэчнасьць эксплюатаваць,

3) Беларуская ўлада апыноўваецца ў стане Халоднай вайны на два фронта: стасункі з Эўрапейскім зьвязам абмежаваныя з-за праблемаў з дэмакратыяй, стасункі з Расеяй ускладняюцца асабістым канфліктам кіраўнікоў і пераходам на рынкавыя асновы нафта-газавых дачыненьняў.

Нікому ня выгадная аўтарытарная Беларусь, якая спрабуе вытаргаваць неабгрунтаваныя прэфэрэнцыі з боку Расеі. Усім выгадная прадказальная дэмакратычная Беларусь з высьветленым балянсам прэфэрэнцый і саступак у дачыненьнях з Расеяй. So it goes.

Існуе два заўважныя, хаця і не вырашальныя фактары, якія стаяць на шляху расійска-заходнееўрапейскага збліжэння і якія рана ці позна непазбежна паўстануць па меры прасоўвання гэтага супрацоўніцтва. Першы — аўтарытарны рэжым у Расіі. Другі — лукашэнкаўская Беларусь.

На сённяшнім этапе Захад не цікавіцца прагрэсам дэмакратыі ў Расіі ды гатовы атрымаць эканамічнае і геапалітычнае супрацоўніцтва ў абмен на не-педаляванне праваабарончых пытанняў, прынамсі да таго моманту, пакуль праблемы не набылі занадта яскравага характару. Расійскі бок гэта ўсведамляе і таму не пераходзіць рысы, пакідаючы прастор для абмежаванай, але адносна магчымай рэалізацыі некаторых палітычных свабодаў.

Аднак палітычныя абставіны і непапраўна горшы імідж Беларусі, які, зрэшты, адлюстроўвае аб’ектыўную рэальнасць, ніяк не дазволяць ЕЗ ігнараваць адсутнасць дэмакратыі ды масавыя парушэнні правоў чалавека ў краіне.

Крытыка рэжыму Лукашэнкі ды акуратнае выказванне заклапочанасці станам дэмакратыі ў Беларусі — як ні дзіўна, таксама шанец для прэзідэнта Расіі прадэманстраваць сваю сучаснасць і прагрэсіўнасць.

Беларускаму рэжыму не варта спадзявацца на супярэчнасці паміж Расіяй і Еўразвязам і спрабаваць выкарыстоўваць іх для падтрымання свайго існавання ў доўгатэрміновай перспектыве. Стратэгічныя інтарэсы і Расіі, і Еўразвязу вымагаюць кампрамісаў і канструктыўнага супрацоўніцтва, а не процістаяння. Расія і Еўразвяз, Расія і НАТО і так узаемадатыкаюцца і маюць агульную мяжу, таму Беларусь не можа быць ані бар’ерам на шляху (аб’ектыўна немагчымага) ваеннага ўварвання з Захаду, ані паўнавартасным эканамічным «мостам» паміж Расіяй і ЕЗ.

Беларусь можа або фасілітаваць інтэграцыю на еўрапейскай прасторы, разам з Украінай і шэрагам іншых еўрапескіх дзяржаў, што не ўваходзяць у ЕЗ, утварыўшы калектыўны трэці суб’ект гэтага працэсу, або надалей быць «каменем у боце» для расійска-заходнееўрапейскіх стасункаў
і ствараць перашкоды і цяжкасці лакальнага характару, ад чаго ўрэшце пацерпіць больш за ўсіх.

// Цалкам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?