У канцы мінулага тыдня завяршыўся першы этап прызначаных на 19 снежня прэзідэнцкіх выбараў — збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Аб выкананні нарматыву ў 100 тысяч, неабходных для балатавання подпісаў, акрамя дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі заявілі яшчэ 10 чалавек. Зрэшты, яшчэ патрэбная праверка іх сапраўднасці ЦВК. Там ужо заявілі, што многія прэтэндэнты, хутчэй за ўсё, проста перапісалі тэлефонныя кнігі.

Ці сведчыць такая вялікая колькасць «статысячнікаў» (а Лукашэнка ў гэтым плане «мільянер») пра рост палітычнай актыўнасці беларускага грамадства і пра ўзмацненне аўтарытэту ў ім апазіцыі ў цэлым або нейкіх асобных лідараў? Пра гэта расійская газета «Взгляд» пагутарыла з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, лідарам Руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам.

— Аляксандр Уладзіміравіч, апошнія пяць гадоў вы з’яўляецеся самым рэйтынгавым апазіцыйным палітыкам. Чаму ў цяперашніх выбарах Вы вырашылі не ўдзельнічаць?

— Тады, у 2006 годзе, напярэдадні выбараў мы ўсе былі пад уражаннем ад украінскага Майдана. Кангрэс дэмакратычных сіл абраў адзінага кандыдата. Гэта спрыяла шырокай мабілізацыі актывістаў. У грамадстве з’явілася надзея. Нашы сустрэчы з выбаршчыкамі праходзілі ў перапоўненых залах. У дзень галасавання з пратэстам супраць несумленных выбараў выйшла больш за 30 тысяч грамадзян, хоць шэф КДБ па тэлебачанні папярэджваў, што такія дзеянні будуць расцэненыя як тэрарызм. А па гэтым артыкуле ў нас пагражае смяротнае пакаранне.

Мірныя акцыі пратэсту доўжыліся некалькі дзён, пакуль не былі брутальна задушаныя. Аднак у дэмакратаў засталося пачуццё маральнай перамогі.

У Беларусі, як і ва ўсіх аўтарытарных краінах, няма самадастатковых партый, здольных правесці сур’ёзную палітычную кампанію. Сёння пратэставыя настроі ў грамадстве выраслі, эканамічнае становішча напружанае. Аднак лідары апазіцыі раз’яднаныя як ніколі. Адны па ідэалагічных прычынах, іншыя — праз інфантылізм і безадказнасць. Гэтым разам рэпрэсій, хутчэй за ўсё, будзе менш. Але выбаршчыкі практычна не ведаюць кандыдатаў, іх цяпер зашмат. Адсутнасць адзінства прывяла да таго, што аўтарытэт апазіцыі знізіўся, і грамадства мала верыць у магчымасць пераменаў на гэтых выбарах.

Выбары «ўраскарачку»

— Улічваючы такую лёгкасць збору неабходнай «кандыдацкай» колькасці подпісаў, «разгул дэмакратыі» і Ваш рэйтынг, не шкадуеце, што не ўдзельнічаеце ў выбарах?

— Сапраўды, у краіне «разгул дэмакратыі». У 2006 годзе пра такое немагчыма было і марыць: у сталіцы збіраць подпісы можна і ля самых дзвярэй ГУМа, і ў бойкіх падземных пераходах. Лукашэнка публічна просіць грамадзян дапамагчы апанентам — падпісвацца за іх. На пікетах свабодна лунаюць нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, за выхад з якімі раней міліцыя заўсёды вяла ў аддзяленне.

Аднак нельга сказаць, што подпісы збіраюцца лёгка. Лукашэнка нібыта ўжо дазваляе, а народ не так проста падпісваецца. Абсалютнай большасці людзей не знаёмыя твары на выбарчых плакатах, і нават калі яны не падтрымліваюць уладу, то сумняюцца: «А ці будзе лепш пасля вашых пераменаў?» Сёння нікога не звабіш тым, што ты «супраць дыктатуры». Мы абавязаныя прадставіць беларусам пазітыўнае бачанне будучыні. Беларусы ў асноўным хочуць галасаваць не супраць, а за.

Што датычыць мяне, то не сумняюся, што прыняў адзіна правільнае рашэнне. Рэальных выбараў не будзе, рэжым чарговым разам збіраецца лічыць галасы самастойна. Мне не было сэнсу ісці васямнаццатым незалежным кандыдатам. Я хачу змагацца з Лукашэнкам, а не з калегамі. Цяпер дапамагаю блізкім мне па духу і поглядах прэтэндэнтам і рыхтуюся да новых — сумленных — выбараў.

— Хто з супернікаў Лукашэнкі на гэтых выбарах зможа скласці яму больш-менш прыстойную канкурэнцыю?

— Ніхто. Яго рэйтынг, па дадзеных сацыялагічных даследаванняў прафесара Манаева, якім я давяраю, — 40–45%, а ўсіх разам узятых астатніх кандыдатаў — каля 20%.

— А ці ёсць шанцы ў апазіцыі дамовіцца наконт адзінага кандыдата? І што гэта магло б змяніць? Быць можа, усім незалежным кандыдатам варта было б зняцца на знак пратэсту супраць несумленных выбараў?

— Сёння дамова пра «адзінага» ўжо не прынясе належнага эфекту, мала хто пра гэта паспее даведацца. Гэта трэба было рабіць некалькі гадоў таму, але старыя лідары апазіцыі вырашылі адмовіцца ад адзінаначальніцтва ў Аб’яднаных дэмакратычных сілах і перайшлі да сістэмы ратацыі «паруліў — дай іншаму». Цяпер мы бачым плён той стратэгіі — «парад кандыдатаў» і апатыя выбаршчыкаў.

Што датычыць зняцця дэмакратычных кандыдатаў на знак пратэсту супраць неўключэння іх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, напрыклад, падчас другога выступу ў тэледэбатах, то гэта быў бы моцны ход. Але я не веру, што ўсе прэтэндэнты на такое здольныя.

Восеньская «адліга»

— Чаму збор подпісаў прайшоў у досыць ліберальных умовах? Лукашэнка ва ўпор не бачыць супернікаў або яму важнае міжнароднае прызнанне выбараў?

— У 2006 годзе для Лукашэнкі было важна дамагчыся легітымізацыі выбараў у вачах уласнага народа. І ён гэтага дасягнуў. Цяпер яму перш за ўсё неабходнае прызнанне выбараў на Захадзе. Адсюль і «разгул дэмакратыі». Улада ў гэтым напрамку можа многае зрабіць, за выключэннем, відавочна, аднаго — гарантаванага ўключэння ў выбарчыя камісіі дэмакратаў. А ў нашых рэаліях у гэтым галоўны корань зла фальсіфікацый. Успомніце вядомую сталінскую фразу аб тым, што «ўсё роўна, хто і як галасуе, важна, хто лічыць галасы».

Я думаю, што апазіцыя выдатна падняла настрой Аляксандру Рыгоравічу сваім паходам на выбары «ўраскарачку». Ён выглядае як ніколі упэўненым і нават паблажлівым да супернікаў.

— Як Вы ацэньваеце пазіцыю Захаду на гэтых выбарах? Адны аналітыкі кажуць, што ён заняў пазіцыю назіральніка, іншыя — што ў змове з Расіяй…

Захад сапраўды зацікаўлены ў дэмакратызацыі нашай краіны і ўмацаванні яе незалежнасці. Для Еўрасаюза важна мець на сваіх межах прадказальнага і надзейнага партнёра. Там спадзяваліся, што дыялог Беларусь — ЕС і «Усходняе партнёрства» дазволяць пачаць працэс эканамічнай і палітычнай лібералізацыі ў «апошняй дыктатуры Еўропы».

Непаслядоўныя рэформы ў эканоміцы пачаліся, але ў галіне правоў чалавека поспехаў няма. Аўтарытарны рэжым не хоча дэмакратызавацца добраахвотна. Таму ў Брусэлі ёсць некаторае расчараванне. Яно адбіваецца на стаўленні да выбараў: прапановы ранейшыя — дэмакратызуйце, а веры, прынамсі на гэтых выбарах, у такія працэсы амаль няма. У Лукашэнкі досыць яшчэ сіл, каб правесці выбары пад традыцыйным татальным кантролем.

У змову ж Захаду з Расіяй я не веру, хоць перамовы па беларускай праблеме, несумненна, вядуцца. Тактычнае супрацоўніцтва магчымае, але стратэгічнае — не: мэты часцей за ўсё розныя.

Зандаж з боку Масквы

— На гэтых выбарах у палітычных колах шмат гаворыцца пра цікавасць Масквы, пра прарасійскага кандыдата. Ці ёсць ён? Некаторыя прэтэндэнты робяць вербальныя рэверансы ў бок Расіі — гэта спроба здабыць дапамогу ці проста гульня на электаральным полі Лукашэнкі?

— Па замежнапалітычнай дактрыне Расіі Беларусь, несумненна, доўгія гады адыгрывала важную ролю. Саюзная дзяржава мусіла стаць прыкладам паспяховага «збірання земляў». Не думаю, што сёння ў Маскве робіцца стаўка на палітычнае аб’яднанне нашых краін. Гэта, хутчэй за ўсё, пройдзены этап. Але застаецца жаданне максімальнага эканамічнага дамінавання, актыўнай прыватызацыі галоўных прадпрыемстваў нашай краіны, транспартных сетак. Таму цяперашнія кандыдаты, якія могуць разглядацца як выразнік інтарэсаў Расіі, і выступаюць з адпаведнай рыторыкай.

Хутчэй за ўсё, не яны будуць расійскімі кандыдатамі на рэальных дэмакратычных або часткова свабодных выбарах прэзідэнта «пасля Лукашэнкі». Сённяшнія прарасійскія прэтэндэнты — разведчыкі, зандажысты. Пасля гэтай кампаніі на іх, верагодна, будзе ўскладзеная місія стварэння прарасійскай палітычнай сілы для падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў 2012 года, якія ў сілу вонкавага ціску і эканамічнай нестабільнасці могуць быць ужо паўдэмакратычнымі.

Што датычыць сур’ёзнай рэсурсавай і інфармацыйнай падтрымкі Расіі гэтага праекту, то яна ўжо відавочная. Праўда, нельга даць адназначны адказ — ці прынясе поспех спроба гэтых палітыкаў гуляць на традыцыйным прарасійскім электаральным полі Лукашэнкі. Ён у сваёй прапагандзе выкарыстоўвае прынцып «крэпасці ў аблозе», і новым апалагетам інтэграцыі Беларусі з Расіяй складана будзе перацягнуць на свой бок гэтую частку электарату, бо ў тэлевізары скажуць, што «нашых б’юць».

— Апазіцыя зноў гаворыць пра падрыхтоўку да вулічных акцыяў пратэсту. У 2006 годзе рэвалюцыі не атрымалася…

— Гаварыць можна, але важней рэальна іх рыхтаваць. Грамадства, нават актыўная яго частка, не мабілізаваная так, як тады. Мала эмоцый, недастаткова веры. Калі ўсё будзе ісці як сёння, з упорам на калькаваныя паліттэхналогіі, з мноствам штучных інфармацыйных падставаў замест рэальнай працы з людзьмі, то «яркай плошчы», як у Беларусі называюць маштабную акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, не будзе.

Калі казаць не пра антыкамуністычныя, а пра каляровыя рэвалюцыі, то яны хутчэй магчымыя ў краінах з недасканалай дэмакратыяй, а не пры дыктатуры. Ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму, як у нас, апазіцыя наўрад ці можа вывесці вялікую колькасць людзей. У грамадстве дамінуе страх. На Украіне, напрыклад, яго не было — была апатыя, нявер’е. Да таго ж, там была апазіцыя ў парламенце, незалежныя радыё і тэлебачанне, у Кіеве на Майдане мясцовыя ўлады дапамагалі ўсталёўваць гукаўзмацняльную апаратуру…

У нас іншая сітуацыя. Праўда, народ можа выйсці на вуліцу ў выпадку сур’ёзнага крызісу, калі чаканні рэзка разыдуцца з рэчаіснасцю. Але калі і адбудзецца такое масавае выступленне, то яно будзе хутчэй за ўсё спантанным, а не арганізаваным сённяшняй апазіцыяй. Тады наша задача — быць вартымі таго, каб стаць на чале гэтага пратэсту.

— Калі на гэтых выбарах улада не зменіцца, Ваш прагноз на некалькі гадоў наперад…

— Магчымыя два асноўныя варыянты. Рэжым не праводзіць востра наспелых эканамічных і палітычных рэформаў — тады рэальны праз нейкі час рэвалюцыйны ход падзей. Або ўлада пачынае мадэрнізацыю эканомікі і грамадскую лібералізацыю, спыняе рэпрэсіі і праводзіць справядлівыя выбары ў парламент. Гэта шанец на эвалюцыю і народаўладдзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?