У Беларусі плануецца выцесніць са спажывецкага рынку ненатуральныя слабаалкагольныя напоі і ардынарныя пладовыя віны.

Пра гэта заявіў журналістам 2 лістапада ў Мінску на адкрыцці аптовай выставы-кірмашу «Прадэкспа» старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка.

«Мы больш зацікаўлены ў вытворчасці натуральных алкагольных напояў, таму больш высокімі стаўкамі акцызаў абкладаюцца слабаалкагольныя напоі, у якіх фактычна выкарыстоўваюць толькі спірт, ваду, араматызатары і фарбавальнікі, — падкрэсліў Данчанка. — 

Гэтыя прадукты не спрыяюць паляпшэнню здароўя і не прыносяць карысці».

Ён адзначыў, што нядаўна прынята рашэнне аб павышэнні стаўкі акцызаў на такія слабаалкагольныя напоі амаль у тры разы. «Мы наўмысна выцясняем з рынку такую прадукцыю пры дапамозе акцызнай палітыкі, гэты прадукт стане неканкурэнтаздольным і прымусіць нашых вытворцаў да вытворчасці якасных натуральных напояў», — лічыць Данчанка.

Паводле яго слоў, у Беларусі выраблялася каля 1 млн. дэкалітраў ненатуральных слабаалкагольных напояў, якія складалі «пераважную долю на рынку слабаалкагольных напояў». «Гэтыя напоі раней галоўным чынам імпартаваліся, а ў Беларусі вельмі хутка бізнес пачаў вырабляць іх, бо гэта не патрабуе значных расходаў і не арыентаваны на мясцовую сыравіну», — растлумачыў кіраўнік канцэрна.

Ён яшчэ раз адзначыў зацікаўленасць дзяржавы ў развіцці вытворчасці тых слабаалкагольных напояў, у якіх спірт з’яўляецца ў выніку натуральнага закісання, у тым ліку сідры і піўных кактэйлях.

Паводле слоў Данчанкі, галіновая праграма развіцця алкагольнай галіны на найбліжэйшыя пяць гадоў «скіраваная ў тым ліку і на спыненне ў Беларусі вытворчасці мацаваных ардынарных він». Такія віны атрымліваюцца шляхам дабаўлення ў крыху заброджаны сок 12–15% спірту. «Мы плануем да 2015 года пакінуць вытворчасць палепшаных пладовых вінаў з большай доляй натуральнага закісання», — сказаў спецыяліст. Гэта праграма будзе ўзгадняцца з вытворцамі, кіраўніцтвам абласцей, Мінгандлю і іншымі зацікаўленымі ведамствамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?