У 153 участковыя камісіі Магілёва ня трапіў ніводзін прадстаўнік апазыцыі.

112 сваіх актывістаў вылучалі туды рух БНФ «Адраджэньне», Аб’яднаная Грамадзянская Партыя, Партыя левых «Справядлівы сьвет», а таксама дзьве няўрадавыя арганізацыі: «Грамадзянскі форум» ды Магілёўскі праваабарончы цэнтар.

На паседжаньні Кастрычніцкай раённай камісіі сёньня прысутнічалі некаторыя з вылучэнцаў. Паводле прысутнага на паседжаньні праваабаронцы Барыса Бухэля, прозьвішчы зацьверджаных у камісіях, а таксама арганізацыі якія іх туды вылучылі, не называліся. Тлумачыліся толькі прычыны адмовы:

«Асноўная прычына — адсутнасьць досьведу працы ў камісіях, а таксама праца ў ініцыятыўных групах патэнцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва. Гучала й такая прычына, як адсутнасьць пастаяннага месца працы. Мне адмовілі на той падставе, што я пішу скаргі».

На ўдзел у 69 участковых камісіях Кастрычніцкага раёну прэтэндавалі 33 апазыцыянэры.

У 83 участковыя камісіі Ленінскага раёну вылучаліся 79 апазыцыянэраў. Ніводзін зь іх на паседжаньні раённай камісіі, на якой зацьвярджаўся склад участковых камісіяў, не прысутнічаў. Паседжаньне адбылося, а восьмай раніцы ў панядзелак.

Некаторыя з вылучэнцаў заяўляюць, што будуць у судовым парадку дамагацца перагляду складу камісіяў.

У тэрытарыяльных камісіях Магілёва толькі адзін апазыцыянэр. У абласной камісіі зацьвердзілі прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?