У справаводства Гродзенскага аблвыканкама будзе ўкараняцца мова. А супрацоўнікам раяць размаўляць на працы па-беларуску.

 photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

З ініцыятывы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры прынята рашэнне ўкараняць беларускую мову ў справаводства дзяржаўнай установы, паведамляе радыё «Рацыя». Па словах прэс-сакратара Гродзенскага аблвыканкама Віктара Жалезняковіча, гаворка ідзе пра вусную прапанову Шапіры. Сам старшыня нарадзе цяпер вядзе па-беларуску. Наступным крокам мусіць стаць абавязковае валоданне беларускай мовай кіраўнікамі раённага ўзроўню.

Старшыню Таварыства беларускай мовы Алега Трусава ініцыятыва кіраўніка Гродзеншчыны не здзівіла. «Калі я ад імя ТБМ павіншаваў Сямёна Шапіру з абраннем на пасаду старшыні аблвыканкаму, ён даслаў мне вялікую тэлеграму на добрай беларускай мове, у якой падзякаваў за віншаванне і паабяцаў мацаваць мову ў рэгіёне». Па словах А. Трусава, новы кіраўнік вобласці выгадна розніцца ад свайго папярэдніка. «Вельмі культурны чалавек, не тое што магілёўскія хлопцы, мае землякі». Старшыня ТБМ згадвае таксама прынцыповую пазіцыю Шапіры па праблеме Каложы. «Спадзяюся, што ён паспрыяе таму, каб сайт універсітэта імя Янкі Купалы акрамя кітайскай мовы, займее і беларускую», — дадае сп. Трусаў.

Хто яшчэ з кіраўнікоў абласцей выказвае прыхільнасць да беларушчыны? «На першае месца я пастаўлю кіраўніка Магілёўшчыны Пятра Рудніка. Ён падтрымлівае мясцовае ТБМ, выступіў з прапановай правядзення года Роднай мовы. Шмат чаго добрага зрабіў» — кажа А. Трусаў. Другое месца ў сімвалічным рэйтынгу атрымлівае Сямён Шапіра, а на трэцім апынаецца старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. «На лісты адказвае па-беларуску, у размове мовы не цураецца».

Увогуле, мяркуе старшыня ТБМ, сярод сённяшніх кіраўнікоў абласцей і раёнаў няма ворагаў беларушчыны. «Прыходзіць новае пакаленне, я іх называю дзецьмі Адраджэння. Гэтыя людзі выраслі ў часы незалежнасці. Таму ў цэлым, сітуацыя сёння лепшая, чым гады 2-3 таму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?