У будзённай кругаверці штодзённыя клопаты ўяўляюцца нам вельмі важнымі. Такімі важнымі, што, бадай, немагчыма ўхіліцца ад іх нават на хвілінку, хаця б і дзеля чаго-кольвек «высокага і вечнага». І толькі калі нам на вочы трапляецца штосьці выразна адрознае ад нашай штодзённасці, мы прыпыняемся ў задуменні…

Паводле Дзіцячага фонда Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на Беларусі існуе цэлы шэраг складанасцяў, якія адмоўна ўплываюць на нашых дзяцей. Але адна з самых важных праблем — выхаванне дзяцей, пазбаўленых сям’і. Дзеці-сіроты і дзеці нягеглых бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, патрабуюць апекі і грамадскай падтрымкі. Ад нашага з вамі сённяшняга клопату пра іх, залежыць тое, у якой супольнасці мы будзем жыць заўтра.

Рэспубліканскі банк дадзеных аб дзецях, якіх мяркуецца ўсынавіць, налічвае больш за 6 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі. Усе яны выхоўваюцца ў дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах, дамах дзіцяці… Але кожнага з іх аб’ядноўвае адно жаданне — жыць у сям’і!

Дзеля ажыццяўлення права дзіцяці на выхаванне ў сям’і наша краіна прадугледзела шмат мажлівасцяў:

— усынаўленне;

— перадача на выхаванне ў апякунскую сям’ю;

— перадача на выхаванне ў прыёмную сям’ю;

— арганізацыя «гасцявой» сям’і.

Найбольш простай з такіх магчымасцяў з’яўляецца «гасцявая» сям’я — прыём дзіцяці ў сям’ю на выходныя і вакацыйныя дні. Прыгатаваць ежу і памыць за сабой посуд, схадзіць на прыгодніцкае кіно і разам з «братам» ці «сястрой» паесці марозіва, пагуляць у парку і наведаць «бабулю з дзядулем» — вось тыя простыя рэчы, якія дазваляюць самотнай малечы па-сапраўднаму адчуць сваю еднасць з сям’ёй, якая так яму патрэбная!

Апякунская сям’я — сям’я, у якой адзін чалавек альбо муж і жонка выконваюць абавязкі па выхаванні дзяцей-сірот. Мажлівасць стаць апекуном даецца паўналетнім дзеяздольным грамадзянам краіны і справядліва лічыцца самым простым і дзейсным сродкам вяртання сям’і дзіцяці, пазбаўленаму бацькоўскай увагі, сваякамі гэтага дзіцяці.

Прыёмная сям’я — гэта сям’я, якая прымае на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі. Дзейнасць прыёмнай сям’і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дамоваю аб перадачы дзяцей на выхаванне і працоўнай дамовай. Выхавальнік, такім чынам, пераўвасабляецца ў працаўніка і выконвае абавязкі бацькі, дзякуючы якім атрымлівае ад дзяржавы штомесячны заробак у 600 тыс. рублёў, грашовую падтрымку на выхаванне дзіцяці ў памеры 350 тыс. рублёў, поўны сацыяльны пакет і штогадовы аплачаны адпачынак.

Усынаўленне — абгрунтаваны судовым рашэннем юрыдычны акт, паводле якога паміж выхавальнікам і выхаванцам паўстаюць такія ж правы і абавязкі, як і паміж бацькамі з дзецьмі. Дзіця робіцца паўнавартасным членам сям’і!

На Беларусі штогод усынаўляецца больш за 500 дзяцей, больш за 4 тыс. дзяцей прымаюцца ў сем’і грамадзян пад апеку, у прыёмныя сем’і і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. У свядомасці жыхароў краіны ўсё больш замацоўваецца меркаванне, што пытанне дапамогі дзецям, пазбаўленым бацькоўскай увагі, — як клопат дзяржавы, супольнасці, так і справа кожнай асобнай сям’і. Далучайцеся!

Даведацца пра свае мажлівасці спраўдзіць мару дзіцяці-сіраты аб выхаванні ў сям’і вы можаце па тэлефоне (017) 284-71-51 ці на старонцы www.child.of.by Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?