«Сёння на фестывалі «Лістапад» паглядзела фільм «Аўсянкі» ўральскага рэжысёра Аляксея Фядорчанкі паводле аповесці Дзянiса Асокіна, 
— расказвае ў сваім блогу вядомая раманістка і аглядальніца «Советской Белоруссіі». — …Горад у расейскай глыбінцы. Галоўны герой — саракагадовы халасцяк, сын мясцовага самадзейнага паэта, пісьменнік Аіст Сяргееў (як бы сам аўтар)…

Працуе на папяровым камбінаце. У дырэктара камбіната, буйнога прамыслоўца Мірона памірае маладая жонка, і ён просіць Аіста дапамагчы яму завезці жончына цела нібыта ў суседні горад…

Мужчыны ідуць дахаты, абмываюць нябожчыцу, тады заплятаюць ёй у лабковыя валасы нейкія нітачкі…
Грузяць голае цела, загорнутае ў коўдру, у машыну… Некуды вязуць…
І раптам разумееш, пра што гэты фільм. Што гэтыя героі — ні разу не рускія, не праваслаўныя і ўвогуле не хрысціяне. Яны — мера.

Памятаеце, летапіснае: чудзь, весь, мера… Насамрэч у энцыклапедыях значыцца, што мера вымерлі. Але ў фільме і аповесці есць людзі, якія лічаць сябе мера.

У іх адабралі ўсё. Яны абруселі, забылі сваю мову, сваіх багоў. Але ў іх іншае мысленне. Засталіся яшчэ традыцыі
— вяселлі, пахаванні — і яны трымаюцца іх, нягледзячы ні на што…

Так, народ знішчыць немагчыма. Адна з традыцый мера — нябожчыкаў спальваюць, а попел высыпаюць у ваду. Бо мера вераць у ваду. Яна — іх рай, дзе нябожчыкі набываюць новыя целы… Рыбіныя. Пад’язджаючы да Волгі, кажуць спакойна так — вялікая меранская рака…»

Удавец па дарозе распавядае чуллівыя, вельмі інтымныя, драбніцы свайго жыцця.

Разам з нябожчыцай, паводле старой традыцыі, яны вязуць дзве аўсянкі. Шэрыя такія птушачкі, лясныя вераб'і. Кульмінацыя карціны — пахавальнае вогнішча на беразе Акі.

«Фільм паэтычны, — піша Рублеўская. — А публіка наша! Адны выраслі на савецкім кіно, другія — на блокбастэрах. Бачаць голую бабу — ай-яй-яй, рэжысёр распусту прапагандуе! Не адчуваюць галоўнага».

Па дарозе назад аўсянкі, апынуўшыся ў салоне аўтамабіля вонкі клеткі, узлятаюць перад тварам Мірона, які за рулём — і машына злятае з моста ў Волгу. Галоўныя героі гінуць. Але патануць, згодна з меранскай верай, — значыць набыць несмяротнасць.

Рублеўская пабачыла ў «Аўсянках» заклік «захоўваць аўтэнтычнасць народу.
Захоўваць культуру і мову. Чалавечую годнасць, свабоду творчасці і мыслення».

Тыя самыя ідэі яна знайшла і ў іншых карцінах фестывалю: «З таго, што я пабачыла на «Лістападзе», фільм «Асадне» быў пра русінаў, фільм «Качагар» — пра якутаў, «Аўсянкі» — пра мера. Паказана, як народы выміраюць. Страчваюць аўтэнтычнасць, змагаюцца за яе да апошняга».

«А нашым — што публіцы, што журы — гэты падтэкст няўцямны, — з горыччу піша аглядальніца. — Бо ў іх не баліць за беларускае.
За сваё. Чалавек, якому не баліць за сваё, ніколі не зразумее чыйгосьці болю за іншую культуру. Затое калі паказалі фільм Лазніцы «Шчасце маё», гледачы на прэс-канферэнцыях накідваліся на рэжысёра, што зганьбіў вобраз вялікай Расіі». І саркастычна дадае: «Салтыкова-Шчадрына і Гогаля, яны, напэўна, лінчавалі б».

Фестываль «Лістапад» працягваецца ў Менску да 12 лістапада. Як і звычайна, на ім паказваюць найлепшыя фільмы апошняга года, пераважна з краін былога СССР і Цэнтральнай Еўропы.

У яго межах праходзяць чатыры конкурсы: асноўны мастацкага кіно, маладога кіно, немастацкіх фільмаў, маладога немастацкага кіно, а таксама фестываль дзіцячага і падлеткавага кіно «Лістападзік».

Падрабязней з праграмай кінафестывалю можна пазнаёміцца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?