Дарэмна ворагі паклёпнічаюць, што беларускі парлямэнт у ізаляцыі. Міжнароднае жыцьцё кіпіць!

Толькі ўчора абмяркоўвалі з прадстаўніком Выспы Свабоды ініцыятыву стварыць Міжпарлямэнцкую асамблею краінаў Руху недалучэньня. А сёньня госьцем быў ужо нэпальскі сьпікер.

Чаго толькі не даведаесься з вуснаў іншаземца! Аказваецца, наша кіраўніцтва сьціпла маўчала пра свае заслугі у справе аднаўленьня дэмакратыі ды парлямэнтарызму ў далёкай гімалайскай краіне!

Чытаючы гэтыя радкі, адзін мой востры на язык калега заўважыў: "Во каб яшчэ і ў сябе дома паспрабавалі...".

Між тым высокі госьць — відаць, на знак асаблівага даверу — прапанаваў беларускім уладам у асобе калегі Канаплёва ні многа ні мала... выступіць пасярэднікамі ў канфлікце ўраду Нэпала з тамтэйшымі мааістамі.

Паказальна, што дзяржаўная агенцыя гэту прапанову афішаваць ня стала. Усё ж, мусіць, занадта экзатычна выглядалі б нашыя дзеячы за круглым сталом у Гімалаях.

А можа, згадалася ня надта паліткарэктная песьня "Крэматорыя" пра родную Катманду?

Калі ж сур'ёзна, то ў айчыннага кіраўніцтва баліць галава пра іншыя перамовы. З братняй інтэграцыяй сёньня, бадай, цяжэй разабрацца, чым з тымі мааістамі. Афіцыйны беларускі лідэр рыхтуецца да "моманту ісціны" ў высьвятленьні стасункаў з Крамлём. Трэба думаць, гэта будзе сапраўдны двубой.

Між тым цікавы прагноз надрукаваў тыднёвік "Белорусы и рынок". Паказальна, што хуткі скон ідэі саюзнае дзяржавы прадракае расейскі экспэрт, якога, прынамсі, цяжка назваць вялікім заходнікам.

Яшчэ болей, ён лічыць, што менавіта фантом "саюзнага будаўніцтва" і атручвае двухбаковыя стасункі.

Галоўнае ж — доктар Шмялёў упэўнены, што рынкавая трансфармацыя неўзабаве чакае і "нашу Катманду".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?