Прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін заклікаў паскорыць ратыфікацыю дакументаў па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) Расіі, Беларусі і Казахстана,

паведамляе РІА Новости.

Выступаючы 17 лістапада на пасяджэнні ўрада, ён нагадаў пра дамоўленасці, дасягнутыя па гэтым пытанні з Беларуссю. «Калі ратыфікацыя ўсяго пакета па Адзінай эканамічнай прасторы адбудзецца раней за 1 студзеня 2012 года, то мы адпаведным чынам адрэагуем у нашых узаемаадносінах у сферы эканамічнага супрацоўніцтва, у прыватнасці ў сферы энергетыкі, па пытанні прымянення або непрымянення мытных пошлін на некаторыя віды тавараў», — сказаў Пуцін.

Ён папрасіў перамоўшчыкаў «зыходзіць з гэтых дамоўленасцяў і даць магчымасць ратыфікаваць увесь пакет дакументаў як мага хутчэй». «Калі паспеем да 1 студзеня 2011 года — добра», — падкрэсліў расійскі прэм’ер.

Як раней паведамлялася, пытанне стварэння АЭП у межах Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі будзе абмяркоўвацца 19 лістапада ў Санкт-Пецярбургу на 28-м пасяджэнні Міждзяржсавета Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС) на ўзроўні кіраўнікоў урадаў.

Выступаючы 17 лістапада на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Франкфурце-на-Майне, прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі паведаміў, што ў пятніцу, 19 лістапада, кіраўнікі ўрадаў мытнай «тройкі» падпішуць канчатковыя дакументы па фарміраванні АЭП.

Паводле яго слоў, гэта будзе канчатковае пагадненне аб фарміраванні з 1 студзеня 2011 года Адзінай эканамічнай прасторы, падобнай на тую, што існуе ў Еўрасаюзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?