Былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў заўтра на рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты будзе прадстаўляць Уладзіміра Някляева.

Сам кандыдат зараз знаходзіцца за мяжой. «Дзе ён, даведаецеся заўтра. Мінулыя дні Някляеў быў у Празе. Заўтра ў Празе ён дакладна не будзе», — кажа сябра каманды Някляева Аляксандр Фядута.

«Чаму менавіта Лявонаў?

Бо гэта давераная асоба кандыдата. Нароўні з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным гэта самыя паважаныя людзі ў нас як па ўзросце, так і па досведзе працы», — працягвае А.Фядута.

Васілю Лявонаву 72 гады. Былы дэпутат Вярхоўнага Савета. Ад 1994 па 1997 займаў пасаду міністра сельскай гаспадаркі. 11 лістапада 1997 арыштаваны ў сваім рабочым кабінеце. Падазраваўся ў падрыхтоўцы тэракту супраць старшыні Магілёўскага дзяржкантролю Я.Мікалуцкага.

14 студзеня 2000 году рашэннем Вярхоўнага Суду быў прызнаны вінаватым ў раскраданні дзяржаўнай маёмасці ў буйных памерах і атрыманні хабару ў суме эквівалетнай $115.

Быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі. Праз дзевяць месяцаў пасля суду, 5 кастрычніка 2001 быў вызвалены паводле амністыі.

Лявонаў актыўна ўдзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі Уладзіміра Ганчарыка ў 2001 годзе. А потым з’ехаў у Маскву.

Пра магчымыя сувязі «Гавары праўду» з Лявонавым адзначалася даўно, але ніякай пэўнасці не было да гэтага моманту. Магчыма, што менавіта з Лявонавым можа быць звязанае фінансаванне кампаніі.

Калі на рэгістрацыю прыйдзе асабіста Аляксандр Лукашэнка, то можа адбыцца вельмі цікавая сустрэча з Лявонавым.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?