Расея гатовая цягам двух сутак закрыць мяжу зь Беларусью памежнымі войскамі. Сэнсацыйныя намеры хаўрусьніка выкрыў беларускі афіцыйны кіраўнік на сустрэчы ў аўторак са стаўрапольскім губэрнатарам Чарнагоравым.

Цікава, дзе зараз той паласаты слуп, які 26 траўня 1995 году сымбалічна выкапалі Лукашэнка з Чарнамырдзіным (ня блытаць з Чарнагоравым!)? Памежны знак быў бутафорскі, зроблены адмыслова дзеля гэнай піяраўскай дзеі. Насамрэч за савецкім часам мяжы фактычна не існавала. А зараз што, чакаць калючага дроту ды кантрольна-сьледавай паласы?

Да гэтага бадай што ня дойдзе, мяркуе менскі палітоляг Андрэй Фёдараў. Наўрад ці стануць і адбіраць ў расейцаў вайсковыя аб'екты на нашай тэрыторыі, чым пастрашыў днямі Лукашэнкаў паплечнік Мікалай Чаргінец.

Гэта ўсё — моманты піяраўскага двубою, які дамінуе апошнім часам у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Кожны з бакоў мацуе пазыцыі перад вырашальным раундам перамоваў. "Хаця, калі стасункі будуць разьвівацца ў тым самым кірунку, — кажа Фёдараў, — то і паўнавартасная мяжа ў пэрспэктыве ня выключаная".

Ну а пакуль што і тыя, і тыя трохі блефуюць.

Калі маскоўскі аналітык Суздальцаў раіць свайму ўраду рыхтаваць аналягі АВАКСаў дзеля цыраваньня магчымай дзіркі ў заходнім сэктары супрацьпаветранай абароны, то згадваецца рэпліка з Гэнры: "Пясок — дрэнная замена аўсу".

Зь іншага боку, РЛС "Волга" пад Ганцавічамі ды вузел сувязі ВМФ ля Вялейкі адддалі ў бясплатную арэнду расейцам таксама не за прыгожыя вочкі. Тады, у 96-м, быў ужыты так званы нулявы варыянт. Ельцын у сваю чаргу дараваў амаль мільярд газавай запазычанасьці.

Карацей, то быў кампраміс. Варункі змушаюць да яго і зараз, бо партнэры дасюль моцна зьнітаваныя, і шмат у якіх сфэрах "пясок — дрэнная замена аўсу".

Але калі дзесяцігодзьдзе таму быў час эўфарыі з сымбалічным разьбіваньнем чарак, то цяпер, пасьля сапраўднага біцьця посуду, двум лідэрам наканавана пакутлівае перамір'е з выціснутымі дзеля камэраў усьмешкамі. Як вядома, сустрэча Пуціна з Лукашэнкам прызначана на 9-10 лістапада ў Маскве.

Беларускі кіраўнік спрабуе згуляць і на пачуццях электарату суседняй краіны. Ужо ўключылася на ўвесь гук тамтэйшае лобі афіцыйнага Менску. Крытыкуюць Крэмль за дубовы прагматызм у стасунках з апошнім хаўрусьнікам. Не выпадкова Лукашэнка сказаў Чарнагораву, што ўсе губэрнатары Расеі атрымаюць аналіз — дакумэнт, у якім стан "саюзнага будаўніцтва" будзе трактавацца з гледзішча Менску (здагадайцеся з трох разоў, хто будзе выглядаць далакопам "братняй інтэграцыі").

Так што Пуцін, улічваючы колішняе сумеснае гніеньне ў акопах, пэўна трохі скіне кошт газу адносна нямецкага ўзроўню. Лукашэнка ж у скрайнім выпадку можа згадзіцца на нейкі бутафорскі рэфэрэндум, ня здольны зрушыць статус-кво. "Адзіная валюта для яго азначала б поўную капітуляцыю, — кажа Андрэй Фёдараў. — Пакуль што пазыцыі не настолькі слабыя".

Тым часам стала вядома пра пляны беларускага боку распачаць анкетаваньне ("маніторынг") расейцаў, што ўяжджаюць у нашу краіну. Экспэрты кажуць, што гэта можа стаць камуфляванай формай памежнага кантролю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?