У краінах Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС) будуць уведзеныя новыя пачкі цыгарэт, на якіх больш месца зойме папярэджанне аб шкодзе курэння.

Пра работу над праектам тэхнічнага рэгламенту ЕўрАзЭС «Тытунёвая прадукцыя» расказала намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла Наройчык 18 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў,

згодна з праектам 30% плошчы пачкаў будуць займаць надпісы з папярэджаннем аб шкодзе курэння, 50% плошчы — адпаведныя выявы, якія мяркуецца размясціць на двух баках пачкаў.

«Напрыклад, надпіс «Курэнне выклікае інфаркты і інсульты» і тут жа карцінку на гэтую тэму, надпіс «Курэнне шкодзіць вашаму дзіцяці» і карцінка неданошанага дзіцяці, надпіс аб тым, што курэнне вядзе да парадантозу і карцінка з выпадзеннем зубоў», — сказала Наройчык. Паводле яе слоў, сярод папярэджанняў на пачках будуць таксама надпісы аб тым, што курэнне выклікае імпатэнцыю, рак лёгкіх, дачаснае старэнне скуры, эмфізэму лёгкіх, і ўсе яны будуць суправаджацца адпаведнымі карцінкамі.

Як адзначыла Наройчык, чакаецца, што змяненне знешняга выгляду пачкаў прывядзе да таго, што курцы будуць кожны раз задумвацца аб праблемах, звязаных з тытунекурэннем, а людзям, якія не кураць, не захочацца браць у рукі пачак. Паводле яе слоў, напрыклад, у Канадзе, дзе цыгарэты ўжо прадаюцца ў такіх пачках, 44% насельніцтва лічаць, «што яны ўплываюць на псіхіку курцоў».

Намеснік галоўнага доктара паведаміла, што цяпер тэхрэгламент «Тытунёвая прадукцыя» праходзіць працэдуру ўнутрыдзяржаўных узгадненняў. Чакаецца, што ён будзе зацверджаны ў 2011 годзе.

Як лічыць загадчыца аддзела грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Бартман, хутчэй за ўсё, у наступным годзе новыя пачкі яшчэ не выйдуць у продаж. Пасля таго як тэхрэгламент зацвердзяць, усім зацікаўленым кампаніям будзе дадзены час, за які магчыма наладзіць вытворчасць менавіта такіх упаковак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?