19 лістапада старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына падпісала дакументы на друк улётак для перадвыбарчай агітацыі за Віталя Рымашэўскага толькі ў 15.35, праз пяць хвілін, як у Менску з безнаяўнымі грашыма перасталі працаваць банкі.

Як распавёў намеснік кіраўніка выбарчага штабу Віталя Рымашэўскага Дзяніс Садоўскі, учора ад абеда ён спрабаваў замовіць улёткі ў друкарні. Але, каб іх надрукаваць, трэба атрымаць адпаведны дакумент у ЦВК. Іншымі словамі, у ЦВК павінны пацвердзіць пералічэнне грашовых сродкаў, што выдзяляюцца кожнаму кандыдату з дзяржаўнага бюджэту, для друкарні.

Учора зрабіць гэта ў ЦВК адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што дамова, якую склалі ў штабе Віталя Рымашэўскага, ім не пасуе, а патрэбную форму яны яшчэ не распрацавалі(!). Сёння неабходная форма дамовы была гатовая пад абед. Ужо праз гадзіну, дамовіўшыся з друкарняй, Дзяніс Садоўскі быў у ЦВК. Ён прачакаў у прыёмнай тры гадзіны. Лідзія Ярмошына падпісала дакумент толькі ў 15.35.

У пятніцу банкі, паводле звестак ЦВК, працуюць з безнаяўнымі грашыма толькі да 15.30, таму надрукаваць перадвыбарчыя ўлёткі будзе немагчыма да панядзелка, паведамляе прэсавая служба БХД.

Нагадаем, 18 лістапада, падчас уручэння кандыдацкіх пасведчанняў у ЦВК, прадстаўнік Рымашэўскага Павал Севярынец адмовіўся паціснуць руку Лідзіі Ярмошынай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?