Паводле інфармацыі амерыканскага інстытута Stratfor, Іран атрымаў магутныя сучасныя радарныя сістэмы.

Здзелка працягвала ажыццяўляцца ўжо пасля таго, як Расея афіцыйна адмовілася ад выканання кантракту на пастаўку Ірану супрацьракетных комплексаў С-300, паведамляе сайт ВПК.

Здзелка ажыццёўлена ў таямніцы, праз пасроднікаў — Беларусь і Венесуэлу. Афіцыйна, расейскія радары былі прададзеныя Беларусі, тая прадала іх венесуэльскай фірме, венесуэльская фірма «нядаўна перадала гэтыя радары Ірану, ажыццявіўшы пастаўку праз Абу-Дабі».

У дакладзе Stratfor гаворыцца: «Радары могуць быць скарыстаныя ў самых розных абласцях. На цяперашні момант дакладна невядома, пра якія менавіта радары ідзе гаворка, і ці змогуць яны істотна палепшыць проціпаветраную сістэму Ірана. Геапалітычныя акалічнасці дадзенай здзелкі патрабуюць далейшага ўважлівага вывучэння».

Падчас правядзення манеўраў «Абаронца ісламскіх нябёсаў-3» вышэйшае кіраўніцтва ВПС Ірана неаднаразова хвалілася «новымі радарнымі сістэмамі». 14 лістапада брыгадны генерал Ахмад Мікані заявіў, што іранская індустрыя «спраектавала і пачала вытворчасць радараў, здольных распазнаваць цэлі на адлегласці ад 300 да 2000 км».

Калі заявы Мікані адпавядаюць рэчаіснасці, яны сімвалізуюць неверагодны тэхналагічны скок іранскай ваеннай прамысловасці, якая да гэтага дня радараў не выпускала. Спецыялісты Stratfor, аднак, упэўненыя, што гаворка ідзе пра выпрабаванні толькі што атрыманых расейскіх радараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?