35 гадоў таму каралём Іспаніі стаў Хуан Карлас Бурбон. За два дні да таго сканаў дыктатар Франсіска Франка, які адзінаасобна кіраваў краінай 36 гадоў.

 Генералісімус Франка і Хуан Карлас, 1969 г.

Генералісімус Франка і Хуан Карлас, 1969 г.

У другой палове ХХ ст. нямала еўрапейскіх краін зведалі дыктатуру. Але, бадай, самым незвычайным быў пераход ад дыктатарскага рэжыму да дэмакратыі ў Іспаніі.

У 1947 г. Франка абвясціў Іспанію манархіяй (на пачатку 1930-х Альфонс ХІІІ адмовіўся ад трона і пачаўся рэспубліканскі перыяд гісторыі). Пры гэтым трон заставаўся вольным, а Франка называў сябе «рэгентам», хоць яго ўлада, насамрэч, была абсалютнай.

У 1814-м, пасля перамогі кааліцыі ў складзе Аўстрыі, Прусіі і Расіі над Напалеонам было вырашана вярнуць на французскі трон дынастыю Бурбонаў. Каралём стаў Людовік ХVІІІ. Той перыяд увайшоў у гісторыю як «эпоха рэстаўрацыі».

Калі каралём Іспаніі стаў Хуан Карлас Бурбон, многія прадказвалі, што ён пратрымаецца на троне нядоўга, і ўвогуле іспанскай манархіі не быць пасля смерці Франка. У 1969-м генералісімус прызначыў прынца Хуана Карласа спадкаемцам іспанскай манархіі, хоць законнае права на трон меў яго бацька — граф Барселонскі. (Ён удзельнічаў у няўдалай змове супраць Франка). Прычым заняць трон, згодна з воляй дыктатара, Хуан Карлас мог толькі пасля яго смерці. Вельмі многія ў Іспаніі лічылі маладога тады караля чалавекам несамастойным і мала дасведчаным у палітыцы. Але кароль правёў палітычныя рэформы, якія легалізавалі забароненыя раней партыі. Адзіная дазволеная партыя фалангістаў (фактычна, фашысцкая) была распушчана. У 1978 г. па ініцыятыве караля была прынята новая Канстытуцыя Іспаніі. Яна абвяшчала Хуана Карласа спадкаемцам не Франка, а гістарычнай манархіі.

Таксама абвяшчаліся непахіснымі грамадзянскія правы і свабоды ў Іспаніі.

Граф Барселонскі адмовіўся ад свайго права на трон. Усе каралеўскія дынастыі Еўропы прызналі Хуана Карласа легітымным каралём.

У 1981 годзе падчас спробы вайсковага перавароту кароль вёў сябе рашуча і путч праваліўся. Пасля гэтага лідэр іспанскіх камуністаў Сант’яга Карыльё, які, зразумела, не быў прыхільнікам Хуана Карласа і манархіі, усклікнуў перад тэлекамерамі: «Божа, беражы караля!»

Антыкамунізм, дарэчы, гэтае тое, што дапамагло Франка столькі гадоў заставацца ва ўладзе. У 1936 годзе Франка, які быў тады адным з самых маладых генералаў у краіне, неўзабаве пасля мяцежу правых супраць рэспубліканцаў, быў абраны генералітэтам сваім каўдыльё (правадыром). Яму быў прысвоена званне генералісімуса.

У красавіку 1939 г. ён атрымаў перамогу над камуністамі, сацыялістамі і «інтэрбрыгадаўцамі» (сярод якіх былі і савецкія добраахвотнікі) у Паўночнай Іспаніі, Андалусіі, Арагоне і Каталоніі. У гэтым Франка дапамаглі Гітлер і Мусаліні, з якімі дыктытар усталяваў шчыльныя кантакты. На нейкі час у Іспаніі быў уведзены афіцыйны дэвіз, падобны да нацысцкага: «адзін правадыр, адна дзяржава, адзін народ». Дзейнічала таксама партыя Фаланга, але Франка ніколі ў яе не ўваходзіў. Удзел Іспаніі ў Другой сусветнай вайне абмежаваўся тым, што ён паслаў «Блакітную дывізію» на Усходні фронт.

З другога боку, каўдыльё не вызначаўся антысемітызмам. Яўрэі, якія ўцякалі ад нацыстаў, як правіла, з лёгкасцю праходзілі памежны кантроль у Іспаніі на шляху да эміграцыі.

Пасля вайны Франка дамовіўся з заходнімі краінамі, якія ваявалі з Германіяй. Пасля нядоўгага перыяду міжнароднай ізаляцыі. Іспанія стала сябрам НАТО.

У 1950 гады ў Іспаніі пачаўся эканамічны бум. Найперш, ён быў звязаны з будаўніцтвам гатэляў на марскіх курортах, якія станавіліся ўсё больш папулярнымі. Дарэчы, адрозна ад СССР, у Іспаніі ніколі не было праблем з прыездам замежнікаў альбо выезду суайчыннікаў на працу за мяжу. Ніколі не было праблем і з замежнай прэсай. Газеты і часопісы еўрапейскіх краін, на старонках якіх сустракалася жорсткая крытыка рэжыму Франка, можна было набыць у любым газетным шапіку.

Тым не менш, за часам дыктатуры ў турмы Іспаніі былі кінуты агулам каля мільёна палітзняволеных.

(У асноўным, гэта былі камуністы, сацыялісты, анархісты, а таксама баскскія і каталонскія сепаратысты). Частка з іх была пакарана смерцю. Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі загінулі з абодвух бакоў каля 400 тысяч чалавек. Пасля вайны на загад Франка быў створаны мемарыял Даліна Загінулых, дзе ўвекавечана памяць усіх ахвяраў. Там пахаваны і Франка.

Калі яму споўнілася 80 (каўдыльё нарадзіўся ў 1892), генералісімус пакінуў пасаду прэм’ер-міністра і перадаў яго адміралу Карэра Бланка. Неўзабаве таго забілі баскскія тэрарысты.

У апошнія гады Франка цярпеў на хваробу Паркінсона.

Але гэта не змяніла яго характар.

За два месяцы да смерці дыктатар падпісаў смяротны прысуд пяці палітзняволеным. Аб памілаванні прасілі многія кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў, а таксама Папа Павел VІ. Пятнаццаць дзяржаў адклікалі сваіх паслоў з Мадрыда. Тым не менш, 27 верасня 1975 года асуджаныя былі расстраляныя.

Ёсць меркаванне, што жыццё Франка штучна працягвалі (прыкладна так, як будуць пазней працягваць жыццё Андропаву ці Чарненку). Хацелі, каб ён памёр 20 лістапада — ў гадавіну расстрэла лідэра іспанскіх фалангістаў Прыма дэ Рыверы ў 1936. Гэты дзень дагэтуль адзначаюць многія правыя і ультра-правыя групоўкі.

І ўсёж, 22 лістапада — дзень узыходжання на трон караля Іспаніі Хуана Карласа выглядае больш сімвалічнай і значнай датай. На змену змрочнаму і крываваму дыктатару прыйшоў чалавек, які ў вачах народа сімвалізуе сабой гонар, нацыянальнае адзінства і дэмакратыю.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?