Калі з боку кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі будуць працягвацца заклікі да несанкцыянаваных акцый, «праваахоўныя органы прымуць меры рэагавання»,

заявіў 25 лістапада начальнік упраўлення Генпракуратуры па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Павел Радыёнаў.

Паводле яго слоў, дзейнае ў Мінску заканадаўства «ліберальнае»: для правядзення акцыі кандыдату ў прэзідэнты неабходна толькі за два дні паведаміць аб сваіх намерах у Мінгарвыканкам.

Прадстаўнік Генпракуратуры нагадаў, што праводзіць масавыя мерапрыемствы забаронена на Кастрычніцкай плошчы, плошчах Незалежнасці, Перамогі і Якуба Коласа, у падземных пераходах, у метро і на некаторых іншых аб’ектах.

Гэтая забарона, падкрэсліў Радыёнаў, адносіцца не толькі да 24 лістапада, але і да 19 снежня.

Прадстаўнік Генпракуратуры паведаміў, што ў Цэнтрвыбаркам накіраваныя копіі папярэджанняў аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства, вынесеных кандыдатам у прэзідэнты Мікалаю Статкевічу і Віталю Рымашэўскаму.

Папярэджанні, нагадаем, вынесеныя за заклікі да грамадзян узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы 24 лістапада ў Мінску, якія прагучалі падчас тэлевыступленняў Рымашэўскага і Статкевіча ў тэлеэфіры.

«Цяпер Цэнтрвыбаркам вывучыць усе абставіны і можа прыняць рашэнне аб прыцягненні Статкевіча і Рымашэўскага да адказнасці», — сказаў Радыёнаў.

Ён ухіліўся ад адказу на пытанне, ці можна лічыць удзельнікам несанкцыянаванай масавай акцыі кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, які таксама прысутнічаў на Кастрычнікай плошчы вечарам 24 лістапада. Генпракуратура, заявіў Радыёнаў, найперш дае ацэнку дзеянням арганізатараў акцыі.

Радыёнаў таксама не змог адказаць на пытанне, чаму Статкевіч і Рымашэўскі не прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Ён не выключыў, што на гэта паўплываў іх цяперашні статус кандыдатаў у прэзідэнты.

Як паведамлялася раней, пытанне аб удзеле кандыдатаў у прэзідэнты Віталя Рымашэўскага і Мікалая Статкевіча ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі ЦВК разгледзіць 30 лістапада.

У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам у дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты ЦВК можа вынесці папярэджанне або прыняць рашэнне аб адмене іх рэгістрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?