Кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў мае намер поўнасцю выкарыстаць дадзеныя яму магчымасці выступіць па радыё і тэлебачанні,
заявіў ён у інтэрв’ю БелаПАН.
Нагадаем, Кастусёў раніцай 26 лістапада, выступаючы ў эфіры Беларускага радыё, паўтарыў сваю прамову, зробленую падчас выступлення па тэлебачанні 24 лістапада. Як і ў ходзе тэлезвароту, у канцы прамовы кандыдат развітаўся з выбаршчыкамі. «Сустрэнемся і ўбачымся ў дзень выбараў», — сказаў Кастусёў, які, тым не менш, мае права яшчэ раз выступіць на радыё і на тэлебачанні (кожны кандыдат мае магчымасць двойчы выступіць па радыё і двойчы — па тэлебачанні).
Як адзначыў Кастусёў,
яго словы «сустрэнемся і ўбачымся ў дзень выбараў», не азначаюць, што ён адмаўляецца ад далейшых выступленняў па радыё і тэлебачанні.
«Гэта проста інфармацыя пра тое, што выбаршчыкі змогуць убачыць мяне асабіста, твар у твар, у дзень выбараў, 19 снежня, на Кастрычніцкай плошчы Мінска ў 20.00», — паведаміў Кастусёў.
«Я проста ў такой форме яшчэ раз нагадаў людзям, што яны маюць права і павінны адстойваць свой выбар на плошчы», — заявіў ён.
Раней палітык планаваў, што 1 снежня з 19.00 да 19.30 па тэлебачанні ў яго падтрымку выступіць Аляксандр Мілінкевіч, які з’яўляецца яго даверанай асобай. «У адпаведнасці з артыкулам 76 Выбарчага кодэкса давераныя асобы кандыдата ў прэзідэнты вядуць агітацыю за яго абранне. У адпаведнасці з артыкулам 46 Выбарчага кодэкса кандыдату ў прэзідэнты даецца эфірны час з мэтай агітацыі. Такім чынам, кандыдат у прэзідэнты, як я лічу, мае права дэлегаваць сваё права агітацыі праз выступленне па тэлебачанні сваёй даверанай асобе», — заявіў Кастусёў
Аднак, сказаў Кастусёў, і Цэнтрвыбаркам, і кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі паведамілі яму, што ён не мае права перадаваць магчымасць выступлення ў тэлеэфіры даверанай асобе.
«Таму ў эфіры радыё і тэлебачання буду выступаць я. Мы вырашылі не рызыкаваць стратай эфірнага часу», — сказаў кандыдат на пасаду прэзідэнта.





