Ёсьць рэчы, якія нават у дэмакратычных краінах не павінны рабіцца публічнымі. Другі па важнасьці навык журналіста пасьля здольнасьці здабываць інфармацыю — гэта здольнасьць захоўваць сакрэты. Журналіст павінен магчы не выкрываць крыніцы і думаць пра наступствы самой публікацыі, каб не выклікаць сваёй інфармацыяй непрыемнасьцяў у людзей, якія гэтага не заслугоўваюць, і каб не зрабіцца пешкай у чыйсьці піар-кампаньні. Для журналіста «маўчаньне — гэта золата».

Тое ж самае і падрабязнасьці кулюарных перамоваў і палітычнага закулісься.

Джуліян Асанж мае вываліць у інтэрнэт мех з бруднай дыпляматычнай бялізнай, які канечне ж будзе любапытна пачытаць, але ў доступе да якога грамадзкасьць ня мае рэальнай патрэбы.
Экспэрты і пагатоў урады і без таго ў агульных рысах ведаюць тое, што там напісана. Тым, хто сочыць за адпаведнай сытуацыяй, і так вядома, што Кітай досыць скептычна глядзіць на «разбэшчанае дзіця» — Паўночную Карэю ці што лідары арабскіх суніцкіх краін Блізкага Усходу ставяцца да сёньняшняй іранскай улады ледзь не з такой жа антыпатыяй, як Ізраіль. Найбольш цікавы і карысны аспэкт апублікаванага — той, што тычыцца непразрыстых аўтарытарных урадаў, хаця гэтага там і параўнальна мала. Як слушна піша Юлія Латыніна,
змагацца выкрывальніцтвам адносна дэмакратычнай амэрыканскай дзяржавы куды камфортней і бясьпечней, чым рабіць тое ж у дачыненьні да ўраду Расеі ці Кітая.

Для простых абываталяў гэта хіба зможа быць «адкрыцьцём» накшталт таго, што ўрады займаюцца шпіянажам, што выбітныя палітыкі не заўжды прыстойна паводзяць сябе ў прыватнай абстаноўцы і ўвогуле падчас пары нават думаюць зусім ня тое, што кажуць на прэс-канфэрэнцыях. Заходнія блогеры ўжо кпяць з «сэнсацыйных» загалоўкаў прэсы аб Wikileaks: «Падарункі Дорыць ня Дзед Мароз, а Вашыя Бацькі», «Гітлер Быў Трохі Расістам», «Дарт Вэйдэр — Бацька Люка Скайвокера». Добрай раніцы, Капітан Відавочнасьць.

Але больш за гэта, для непадрыхтаванага абываталя-чытача гэта, у сваю чаргу, выдатная магчымасьць трапіць пад маніпуляцыі тых ці іншых палітычных сілаў, якія могуць узмацніць напружанасьць вакол што Ірана, што Паўночнай Карэі.

Публікацыі Wikileaks у першую чаргу паўплываюць на расстаноўку акцэнтаў у грамадзкай думцы ў глябальным маштабе.
Гэта дасьць магчымасьць асобным палітыкам маніпуляваць грамадзтвам у адпаведнасьці з сваімі інтарэсамі. Наўрад ці публікацыя сама па сабе зможа выклікаць нейкі востры крызыс, але ў насьпелых да гэтага сытуацыях яна, магчыма, здольная прынамсі зрабіцца запалкай, паднесенай да скрыні з дынамітам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?