Выступ расейскага амбасадара Сурыкава (газ па $140, нафту абрэжам, за прыгожыя вочкі болей ня плацім і г.д.) справакаваў імгненную рэакцыю.

Мінулым разам сустрэчны пазоў агучыў сябар Савету рэспублікі Чаргінец. Зараз ананімная ўрадавая крыніца дадала новы пункт. Да транзыту, вайсковых аб'ектаў ды іншага прыплюсаваныя магістральныя нафтапрадуктаправоды.

Адметна, што вакол іх ужо ішла зацяжная бойка некалькі гадоў таму. Расейскі МЗС вылучаў нават ноту пратэсту.

Канфлікт ледзьве ўлагодзілі пазалетась. Але рана радаваўся сп.Фрадкоў!

Цяпер Масква атрымала новую падставу казаць пра вераломства беларускага партнэра.

Звыш таго, для расейцаў апошні дэмарш выглядае як зьдзек: мала таго што "Белтрансгазу" не атрымаеце, дык яшчэ і вашыя трубы адабраць можам!

Вайна нэрваў абвастраецца. Заўважце: у Менску пакуль што дэманстратыўна распрацоўваюць бюджэт з разьлікам на 15-адсоткавае падаражэньне газу. Хаця зразумела, што пры варыянце, які агучыў Сурыкаў, ідэалістычны дакумэнт адразу затрашчыць па ўсіх швох.

Выглядае на тое, што расейскі амбасадар ужыў эўфэмізм, сказаўшы, што сустрэча Пуціна з Лукашэнкам будзе "дастаткова няпростай".

Паводле неафіцыйных зьвестак з Масквы, там лічаць, што беларускі кіраўнік надта рызыкуе, перасягнуўшы "кропку вяртаньня".

P.S. Дарэчы, за арэнду вайсковых аб'ектаў многа ня злупіш. Напрыклад, Расея, эксплюатуючы да 1999 году РЛС у Скрундэ, плаціла Латвіі па $5 млн. штогод. Са слоў незалежных экспэртаў, за РЛС пад Ганцавічамі можна спаганяць па 7-9 мільёнаў. Наўрад ці аказалася б прынцыпова адрознай і плата за пункт сувязі ВМФ ля Вялейкі.

Карацей, грошы для Масквы мізэрныя. Іншая рэч, што гэта было б маральнай аплявухай. Зрэшты, ня першай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0