Афіцыйны Менск маніцца выбудаваць дэкляраваную "вялікую дугу" замежнай палітыкі. Аляксандар Лукашэнка паляцеў ў Іран. Трохі раней ён назваў гэту краіну "сур'ёзным пунктам апоры ў далёкім замежжы".

Пару тыдняў таму ў Тэгеране гасьцяваў міністар замежных спраў Мартынаў. Рыхтаваў візыт. Кажуць, менавіта Мартынаў генэраваў канцэпцыю "дугі".

Наверсе мэтафара відавочна спадабалася. Цяпер усім зразумела, што лётаем не "туды, дзе прымаюць", а згодна зь вялікім геапалітычным плянам.

Пра што будуць перамаўляцца ў Тэгеране два кіраўнікі?

Аналітык Андрэй Фёдараў зазначае: пэўна не абыдзецца без энэргетычных пытаньняў. Але наўпроставыя пастаўкі нафты зь Ірану нерэальныя. Можа быць скарыстаная хіба нейкая заліковая схема (падобным чынам, напрыклад, Украіна атрымлівае нібыта туркменскі газ), але і гэта праблематычна.

Вядома, што Менск падтрымлівае прэтэнзіі Ірану на "мірны атам". Цікава, наколькі гэта будзе акцэнтавацца падчас цяперашняга візіту?

На думку Андрэя Фёдарава, надта гучная падтрымка беларускім кіраўніком ядравых амбіцыяў калегі Ахмадынэжада можа выклікаць незадаволенасьць у Маскве. Яе і так дзяўбуць за патураньне іранскаму рэжыму. Заўважце, учора расейскі міністар Лаўроў з пэўнымі агаворкамі згадзіўся на магчымасць санкцыяў супраць Тэгерану. Гэта пэўная саступка Захаду.

Так што Расеі зараз зусім недарэчы, каб хаўрусьнік (за якога дзяўбуць яшчэ і асобна, празь недэмакратызм рэжыму) пяяў дыфірамбы іранскай ядравай праграме.

А ўвогуле — ці не атрымаецца зь "вялікай дугі" вялікі блеф? На гэтае маё пытаньне Андрэй Фёдараў адказвае так: падобныя рэжымы, якіх з паўтузіна на плянэце набіраецца, насамрэч групуюцца і стараюцца адзін аднаго падтрымліваць маральна. А вось атрымаць ад гэных хаўрусаў значныя эканамічныя дывідэнды Беларусі будзе праблематычна.

Ва ўсякім разе, пляны здабычы нафты ў Вэнэсуэле аналітык Андрэй Суздальцаў бязьлітасна высьмеяў. Нават калі зрабіць папраўку на палемічны імпэт аўтара, усё адно напрошваецца выснова, што заакіянскае Эльдарада наўрад ці выратуе "беларускі цуд" пры сусветных коштах энерганосьбітаў.

Зь іранцамі наш гандаль на сёньня (прытым што сяброўства дэкляруецца ўжо ня першы год), мякка кажучы, сьціплы: $38,4 млн. за 2005 год. Для параўнаньня: аб'ём гандлю зь Нямеччынай толькі за студзень — верасень сёлета склаў блізу $1,8 млрд.

Вялікае пытаньне, ці пойдуць у нас іранскія "Саманды". "Форду" на тых самых плошчах у Абчаку не пашэнціла. "Саманды" ж, калі хто ня ведае, робяцца паводле ўзору "Пэжо-405". Копія заўжды горшая за арыгінал. На добры лад, хай бы ў краіну наўпрост прыходзілі заходнія фірмы. Але ж — "ня ў гэтым жыцьці"!..

Тым часам чакайма новых палётаў "па дузе". На чарзе, імаверна, сталіца ПАР. Да ведама: у былой Прэторыі цяпер аўтэнтычная туземная назва — Тсванэ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?