У рэдакцыі «Комсомольскай правды в Беларусі» ў пятніцу адбываліся сустрэчы кандыдатаў у прэзідэнты з беларускімі журналістамі, як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі. Прадстаўнікі прэсы наладзілі допыт прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта. Першым бой, як і на тэлебачанні, трымаў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Пра сябе і Севярынца

Найперш у Віталя пацікавіліся, ці не ёсць ён прадстаўніком на выбарах Паўла Севярынца. «Людзі могуць мець розныя меркаванні. БХД адзіная як партыя, як каманда. Я раблю тое, што павінен рабіць. Я перакананы, што змяніць сітуацыю ў краіне могуць толькі моцныя рухі. Асабіста я працую на Беларусь, на хрысціянскую дэмакратыю, але не на кагосьці іншага. І Павел Севярынец робіць тое ж самае».

Пра былыя арганізацыі

«Большасць арганізацый, што ёсць у маёй біяграфіі, я ствараў сам. Што датычыць партый, то я быў сябрам толькі адной (АГП — заўвага «НН»). Я быў адным з стваральнікам «Маладога фронту»

Пра адміністрацыйную рэформу

«Сённяшняе адміністрацыйнае дзяленне Беларусі абсалютна неэфектыўнае. Яно перашкаджае развіццё малых гарадоў. Гэта відавочна. Некалі з Пазняка смяяліся наконт ідэі Балта‑Чарнаморскага калектара, а сёння Лукашэнка яе здзяйсняе. Адна з бедаў беларусаў, што ім хапае амбіцый. Таму наўрад ці я куплю некага з жыхароў райцэнтра. Будзе больш эфектыўная сістэма ўпраўлення. Шмат губляецца праз гэта грошай. Мінск ужо перарос сябе. І мінчане, і рэгіёны пакутуюць, што ён так разросся».

Пра Расію

«У палітыцы важна не падманваць. Праблема ў стасунках Беларусі і Расіі ў асабістым непрыняцці Пуціныным і Мядзведзевым Лукашэнкі. З расійскімі лідарамі трэба размаўляць прагматычна. Ногі выціраць аб сябе не дазволім. Я не буду прызнаваць Абхазіі і Паўднёвую Асеціі, але я і абяцаць не буду. Такім чынам стасункі будуць палепшаныя».

Пра хамства

Журналіст АНТ Аляксей Міхальчанка назваў Рымашэўскага на ты. Палітыка гэта абурыла. Гэта была рэакцыяй Міхальчанкі на акцыю: «Саша, сыходзь».

«Акцыю ладзіла не толькі БХД. Я 24 лістапада сустракаўся з выбарцамі. Вы можаце лічыць лозунг некарэктным, але я лічу, што гэта іх права. Я шукаю нешта пазітыўнае ва ўсіх людзей. Нават у супрацоўнікаў АНТ. Хоць за некаторыя артыкулы вы павінны сядзець у турме. Вельмі часта ідуць простыя паклёпы. Гэтых людзей можна зразумець, іх саджалі ў турму, як Змітра Дашкевіча. Я апраўдаў яго пасля таго, што ён бачыў — арышты, збіцці, адлічэнні з універсітэтаў. Пасля таго, як людзей вывозяць за горад у масках, я б гэты лозунг хамствам не назваў».

Пра акцыю 24 лістапада

«Пасля акцыі няма расчаравання, а ёсць натхненне. Людзі прышлі насуперак пагрозам. Гэта лепшыя людзі краіны. Яна паказала, хто ёсць лідар, хто не будзе хавацца за спіны. Гэта была мірная акцыя. Гэта не ўвесь рэсурс. Калі б я заклікаў падчас другога выступу на плошчу, то людзей было б яшчэ болей».

Пра казіно і алкаголь

«Забаронай немагчыма ўсё вырашыць. Калі мы кажам пра казіно, то не гаворым пра забарону, а пра вынас з рысы гораду. Калі кажам пра алкаголь, то пра праграмы барацьбы. Няма мяжы разбэшчанасці. У Еўропе некалі была недазволеная прастытуцыя, цяпер яна легальная. Затое ёсць праблемы з педафіліяй з іншымі брыдкасцямі. Няма глыбіні, куды можа ўпасці чалавек. Мы павінны паказваць альтэрнатыву, паказваць іншыя прыклады. Ладзіць святы сям’і. Нельга прадаваць падчас іх алкаголь. Зараз спойваецца ўсё насельніцтва Беларусі. Продаж алкагольных напояў прыносіць вялікі прыбытак дзяржаве, а танны алкаголь — яшчэ большы. Алкаголю ўжываю нямнога, з сябрамі, падчас святаў. Люблю віно».

Пра хрысціян

«Праблема ў тым, што цэрквы прывучылі нікуды не ўмешвацца, ні ў палітыку, ні ў што. Мая праграма — гэта пасланне хрысціянам: ідзіце ў палітыку. Кожны чалавек мусіць адчуваць адказнасць за краіну. Ніякага хрысціянскага цэнзу падчас прыёму на працу быць не можа. Але я лічу, чым болей будзе хрысціян у палітыцы, тым будзе лепш. Для палітыка самае важнае паважаць людзей, а прафесіяналаў на пасады можна падабраць».

Пра шлях да перамогі

«Першая задача для нас — пашырэнне электарату і пратэстнай базы. Прывядзіце прыклад, хто робіць больш граматна за нас. Не трэба забывацца на тыя каштоўнасці, дзеля чаго мы займаемся палітыкай. Калі я лічу нешта правільна, то гэта трэба рабіць, а не разлічваць. Я лічу, што мой шлях хутчэй прывядзе мяне да прэзідэнцтва, чым шлях іншых кандыдатаў, якія спрабуюць быць добрымі для ўсіх».

Пра афіцэраў і спецслужбы

«Заробкі для вайскоўцаў я абяцаю не меншыя, чым у спецслужбах. Гэта для ўмацавання войска. Афіцэр павінен шанавацца, гэта павінна быць прэстыжна. А цяпер гэта не так. Людзі не маюць магчымасці жыць у нармальных кватэрах. Наша дзяржава не турбуецца аб знешнім ворагу, а шукае яго ўнутры. Я ведаю, як па‑хамску спецслужбы паводзяць сябе ў дачыненні да міліцыі. Войска, міліцыя — гэта людзі, што турбуюцца пра дабро краіны. Не сакрэт, што многія спецслужбы займаюцца «крышаваннем» бізнесу. Фактычна выконваюць ролю крымінальнікаў. А праца іх вельмі непрафесійная».

Пра Аляксея Шэіна

«У Аляксея хутка народзіцца другое дзіця. Яму трэба забяспечваць сваю сям’ю. Мы не маем такіх рэсурсаў, каб фінансава забяспечыць людзей, што працуюць у штабе. Тым не менш, ён дапамагае ў працы з цэрквамі. Даверанымі асобамі сталі людзі, што арганізоўваюць сустрэчы, якія працуюць штодня і задарма».

Пра ахвяраванні

«Найлепшы канал — гэта тэлефон, а не рахунак, праз які ў бізнесоўца могуць быць праблемы. Нам вельмі шмат ахвяравалі. Інакш бы не змаглі праводзіць кампанію».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?