Сказанае Аляксандрам Лукашэнкам на ўсебеларускім народным сходзе не варта ўспрымаць сур’ёзна — як праграму развіцця краіны ці хаця б выкладанне ў агульных рысах нашых перспектываў.

Гаворка кіраўніка дзяржавы была наборам лозунгаў, якія часам супярэчылі адзін аднаму.

Каб не стамляць чытачоў (многія з вас і так ужо стаміўся слухаць Лукашэнку ці сачыць за яго пэрламі на сайтах), прывяду толькі адзін прыклад. Але вельмі яркі.

Падчас выступу на чацвёртым «хурале» Лукашэнка абмовіўся аб новай замежнапалітычнай стратэгіі — роўнанабліжанасці да Усхода і Захада. Гучыць прыгожа, але і толькі.

Бо паўгадзіны раней было сказана:

«Ніколі ні з кім мы не будзем так цесна супрацоўнічаць як з Расіяй». Аб якой тады роўнанабліжанасці можа ісці гаворка?

І ўжо тым больш гэты прынцып немагчыма рэалізаваць на практыцы. Для гэтага спатрэбілася б ці выйсці з саюзнай дзяржавы (а Лукашэнка зноў жа заявіў, што губіць яе не мае намеру), або стварыць такое ж з ЕС (без каментароў).

Галоўная мэта гэтага шоў — максімальна запудрыць мазгі выбаршчыкам.

Наабяцаў з тры кораба, а яны потым няхай самі корпаюцца і выбіраюць, што спадабаецца: хочаш роўнанабліжанасць з Захадам, хочаш — унікальна цеснае супрацоўніцтва з Расіяй. Хворым — медыцыну еўрапейскага ўзроўню, здаровым — тысячадаляравы заробак, бескватэрным — іпатэку, студэнтам — дзяржпадтрымку, прадпрымальнікам — эканамічную лібералізацыю, апазіцыі — фігу.

Гэты атракцыён нябачанай шчодрасці ставіць спектакль у Беларусі адзін раз на пяць гадоў. А пасля выбараў без вялікай помпы ўсё згортваецца.

Штосьці з абяцанага выконваецца, многае — не. Потым раптам аказваецца, што даўно вырашаныя праблемы стаяць перад намі зноў.

І так краіна ходзіць па коле ўжо 17-ы год.

Як зняволеныя на шпацыры ў дворыку турмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?