Таксама ён выказаў гатоўнасць увайсці ў Еўразійскі саюз. Масква, як чакаецца, узамен прызнае выбары.

Беларусь ратыфікуе дакументы па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) да 1 студзеня 2011 года, заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі па выніках саміта ў Крамлі 9 снежня.

Як паведамляюць рэпарцёры, і Лукашэнка, і Мядзведзеў былі ў гуморы пасля перамоваў, аж перабівалі адзін аднаго, гэтак спяшаліся распавесці пра дамоўленасці.

А яны палягаюць на наступным. Беларусь падпісала дамову аб стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). У адказ Расія ад моманту ўступлення Дамовы ў сілу — магчыма, ад 1 студзеня, зніме мыты на пастаўку нафты ў Беларусь. Але

Беларусь будзе абавязаная вяртаць у расійскі бюджэт усе мыты ад экспарту нафтапрадуктаў. Усе 100%, не 75, як хацела Беларусь. У гэтым сэнсе Масква цалкам навязала свае ўмовы.
Гэтая ўгода дазволіць загрузіць беларускія заводы, але яна не дапаможа напоўніць дзяржаўны бюджэт. Расія з дапамогай такой схемы прывязвае беларускія заводы да расійскай сыравіны і спадзяецца сарваць планы дыверсіфікацыі паставак энэрганосьбітаў у Беларусь.

АЭП — пешчанае дзіця Пуціна.

Праз АЭП Пуцін спадзяецца надзейна прывязаць эканомікі Беларусі і Казахстана да расійскай. Гэта, на ягоную думку, мае пакласці пачатак стварэнню «Расійскага свету», альтэрнатыўнага Еўрасаюзу.

Невыпадкова пасля стварэння АЭП Расія пераходзіць да наступнай ідэі: Мядзведзеў вылучыў прапанову стварэння Еўразійскага саюза.

«Я абсалютна падтрымліваю такую ідэю. Беларускія людзі, эксперты, кіраўнікі зробяць усё, каб актыўна тут працаваць. Думаю, што

за паўгода мы здымем вельмі многія праблемы і сфармуем Еўразійскі саюз, які будзе вельмі магутным аб’яднаннем», — захоплена падхапіў Лукашэнка. «У выніку хачу расчараваць тых, хто марыў аб нейкім развале, разыходжанні, усё выйшла наадварот —
мы нармальна папрацавалі і здзейснілі прарыў у нашых адносінах», — сказаў беларускі прэзідэнт.

«Мы, я гэта абяцаю, зробім раней і Расіі, і Казахстана, але Беларусь зробіць гэта абсалютна ў тэрмін — да 1 студзеня», — заявіў ён адносна ратыфікацыі дамовы пра АЭП.

Нагадаю, што Пуцін быў падкрэсліў: бязмытная нафта пацячэ толькі пасля ратыфікацыі, а не пасля падпісання.

Адказваючы на пытанне аб супрацоўніцтве з ЕС, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Існуюць цывілізаваныя прынцыпы стварэння такіх адносін. Гэта павінна быць дарога з двухбаковым рухам. Калі мы працягнем рухацца ў такім тэмпе, то ўжо ЕС будзе думаць, як з намі наладзіць супрацоўніцтва».

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева адбылася ў Маскве да пачатку пасяджэння найвышэйшага органа Мытнага саюза. Кіраўнікі дзяржаў размаўлялі больш за паўтары гадзіны ў фармаце сам-насам.
Пра гэта паведаміў БЕЛТА кіраўнік прэс-службы кіраўніка беларускай дзяржавы Павел Лёгкі.

Па ініцыятыве расійскага боку прэса не прысутнічала на перамовах.

Расійскія эксперты адзначылі адразу пасля падпісання дакументаў, што Расія з усёй верагоднасцю прызнае вынікі выбараў у Беларусі, бо дабілася таго, чаго хацела ад Лукашэнкі.

Невыпадкова, што Уладзімір Някляеў, які разыгрываў перад гэтымі выбарамі ролю прарасійскага кандыдата, прапанаваў апазіцыйным кандыдатам зняць свае кандыдатуры. Наўрад ці ў новых умовах ён можа разлічваць на тое, што маскоўскія тэлеканалы абвесцяць пераможцам яго, а не Аляксандра Лукашэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?