Гадзіньнік палітыка: іміджавы аксэсуар ці непатрэбная раскоша? Ці зьяўляецца такі важны для дзелавога чалавека аксэсуар, як гадзіньнік, элемэнтам іміджу беларускага палітыка?

Ва ўсім сьвеце наручны гадзіньнік — важны і неабходны складнік іміджу пасьпяховага чалавека, які жадае з дапамогай гэтага аксэсуара падкрэсьліць свой статус і становішча ў грамадзтве альбо паказаць сваю індывідуальнасьць.

Зь лідэраў замежных краінаў самыя дарагія гадзіньнікі носіць прэм’ер-міністар Італіі Сільвіё Бэрлюсконі. У яго ёсьць мадэлі, кошт якіх даходзіць да 500 тысяч эўра. А вось у Барака Абамы гадзіньнік адносна танны: Jorg Gray 6500 кітайскай вытворчасьці, які каштуе каля 200 даляраў. Між тым на пачатку перадвыбарчай кампаніі Абама насіў швайцарскі Tag Heuer коштам 1500 даляраў, аднак дарадцы падказалі яму, што гэты гадзіньнік выглядае занадта дорага, і дзеля посьпеху ён павінен насіць штосьці такое, што можа дазволіць сабе шараговы амэрыканец — Абама прыслухаўся.

На пытаньне, якой маркі ў яго гадзіньнік, Рыгор Кастусёў адразу адказаць ня здолеў:

— 

Гадзіньнік? Вой, пачакайце, трэба паглядзець, ён у мяне на руцэ…

Гэта стары падарунак, яшчэ ў 2000-м годзе падарылі яго мае сябры. Па-мойму, беларускай вытворчасьці. На цыфэрбляце няма фірмы. Тут напісана прадпрыемства, якое мне яго падарыла, віцебскія сябры-будаўнікі, мае калегі па працы. Яны нанесьлі эмблему сваёй фірмы і, магчыма, замалявалі фірму, якая гадзіньнік зрабіла.

Карэспандэнтка: «Ці павінны быць у палітыка нейкія іміджавыя дарагія рэчы, трэба гэта ці не?»

— Мне цяжка меркаваць, але калі палітык можа сабе дазволіць дарагую рэч, калі ён багаты, як Аляксандар Рыгоравіч, то ён, канечне, можа дазволіць гадзіньнік і за некалькі тысяч даляраў. У мяне такіх грошай няма, таму я нашу тое, што магу дазволіць сабе купіць — касьцюм беларускай вытворчасьці, пантофлі і ўсё астатняе.

Кандыдат у прэзыдэнты Аляксей Міхалевіч адразу ж назваў марку і кошт свайго гадзіньніка:

— «Certina» — па-італьянску гэта так чытаецца. Як гэта на іншых мовах, ня ведаю. Гадзіньнік швайцарскі.

Карэспандэнтка: «А колькі каштуе?»

— Даляраў 400–500.

Карэспандэнтка: «Ці павінны быць у палітыка нейкія іміджавыя рэчы?»

— Гэта ён сам вырашае.

Калі ён працуе з рабочымі, адлюстроўвае інтарэсы рабочых, думаю, яму не пажадана насіць такія гадзіньнікі.

Карэспандэнтка: «Вы ж ведаеце, што ў кіраўніка дзяржавы па 17 тысяч даляраў гадзіньнікі».

— Ну, калі чалавек працуе зь іншымі кіраўнікамі дзяржавы, я да гэтага стаўлюся спакойна. Калі гэта службовы гадзіньнік, скажам так, то гэта нармальна.

Дарэчы, у Аляксандра Лукашэнкі заўважаныя ажно два швайцарскія гадзіньнікі Patek Philippe, якія каштуюць прыкладна па 17 тысяч даляраў.

Кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, як і Рыгор Кастусёў, фірму гадзіньніка адразу не назваў:

— Вой, гэта трэба глянуць. Вой, праўда, ня ведаю… Жонка падарыла.

Блішчыць так, што не разглядзець. Лон… Лон… Тут кажуць, што някепскія…

Карэспандэнтка «Longines», мабыць, я вам падкажу. Швайцарскі.

— Так, так.

Карэспандэнтка: «Ваша меркаваньне наконт іміджавых рэчаў. Ці павінны яны быць у палітыка?»

— Ну вось гэты гадзіньнік дарагі мне толькі тым, што Вольга падарыла. Ну, а сказаць, што ён іміджавы…. Я толькі зараз зьвярнуў увагу, якая тут насамрэч фірма. Ну, добрая, ня самая крутая, як яна мне казала, але каб я выглядаў ня бедным чалавекам. Імідж у артыста можа быць — ён можа закруціць сабе нешта на галаве, шалік на шыі. У паэта — я заўсёды хадзіў у такіх вольных «прыкідах». А імідж палітыка — гэта ўсё ж такі ягоная пазыцыя. Ці гэта імідж палітыка, які заўсёды трымае сваё слова. Ці гэта імідж палітыка, які яго сказаў і забыўся. Ці гэта імідж палітыка, які палітыкай займаецца насамрэч дзеля дасягненьня нейкіх агульных інтарэсаў, ці дзеля сабе самога.

Імідж палітыка ўсё ж такі — у ягонай палітыцы, у дзеяньнях ягоных, у рашэньнях прынятых, а ня ў тым, што ён носіць на руцэ, назіраючы за часам.

Яраслаў Раманчук прызнаўся, што любіць салідныя гадзіньнікі:

— Такая француская кампанія «TAG Heuer».

Карэспандэнтка: «А колькі ён каштуе?»

— 1 тысячу даляраў каштуе.

Карэспандэнтка: «А як вы лічыце, у сур’ёзных палітыкаў павінны быць нейкія іміджавыя рэчы?»

— Я думаю, што ў кожнага палітыка перш за ўсё павінна быць галава.

Гэта асноўнае. Гэта найважнейшая іміджавая рэч. А ўсё астатняе — гэта такі антураж, дэкарацыі да гэтага асноўнага элемэнту.

У Віталя Рымашэўскага таксама швайцарскі гадзіньнік:

— Фірма Swiss Military Hanowa, ці як… Швайцарскі гадзіньнік. Ня памятаю, па-мойму, ён 100 даляраў каштуе. Альбо 100 эўра. Набыў у Бэрне, сталіцы Швайцарыі, выбіраў яго сам.

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, ці павінны быць у сур’ёзнага палітыка, кандыдата ў прэзыдэнты, у прэзыдэнта нейкія іміджавыя рэчы?»

— У нашай краіне галоўныя іміджавыя рэчы для кандыдата ў прэзыдэнты — гэта сьмеласьць і сумленнасьць. Я жадаю, каб у кожнага кандыдата беларускага яны былі ў нашых умовах. Усё астатняе — гэта ўжо «панты», непатрэбнае ў нашых умовах.

Андрэй Саньнікаў цэлы дзень знаходзіўся альбо ў дарозе, альбо сустракаўся з выбарцамі. Да яго датэлефанавацца не ўдалося. Ягоная жонка Ірына Халіп распавяла:

— Магу толькі сказаць, што носіць ён швайцарскі гадзіннік «Longines». Колькі каштуе, не магу сказаць, таму што купляў ён гадзіньнік, калі яшчэ працаваў у Жэнэве.

Мікола Статкевіч да фірмовых і іміджавых рэчаў ставіцца спакойна. Што да маркі гадзіньніка, ён кажа:

— Ня ведаю дакладна. Падарылі нейкі, ён кварцавы, звычайны такі, можа, крыху даражэй, чым 5 даляраў.

Бо раней я насіў за 5 даляраў, на Варшаўскім вакзале куплены. Гэты выглядае больш строга, але прыблізна тое самае.

Толькі крыху даражэй. Як ён там завецца, ня ведаю, але фірма невядомая. Абы йшоў…

Карэспандэнтка: «А як вы наагул ставіцеся да такіх быццам бы іміджавых рэчаў: гадзіньніка, запанак, зьнешняга выгляду, фірмовых рэчаў?»

— Я ўвогуле спакойна стаўлюся да іміджавых рэчаў, вельмі спакойна. Ведаеце, калі два гады пабудзеш у месцах ня вельмі далёкіх — і так у мяне стаўленьне было вельмі спакойнае, а калі там пабудзеш, псыхалёгія мяняецца: іншыя каштоўнасьці становяцца галоўнымі. На гэтым я не «замарочваюся».

Кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка прызнаўся:

— У мяне гадзіньнік японскі, куплены ў 1990-м годзе ў ЗША, калі я быў слухачом праграмы МВА ва ўнівэрсытэце штату Дэлавэр.

Карэспандэнтка: «А якой фірмы і колькі каштаваў?»

— Ён каштаваў 49 даляраў тады, гэта ўзровень ніжэйшы за сярэдні. Але я яго нашу і сёньня, ён вельмі зручны, і дызайн вельмі прыгожы.

— Дзейны кіраўнік носіць два гадзіньнікі нятанныя…

— Ну, я нашу звычайныя рэчы, якія кожны носіць, нават студэнт. Казалі, што ў мяне аўто самае крутое. Ну якое крутое? Два гады аўтамабілю, каштаваў 17 тысяч даляраў. «Додж-караван», міні-вэн, ну які ён круты? Звычайны аўтамабіль.

Кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Уса пытаньне пра марку гадзіньніка спачатку наагул абурыла. Але на пытаньне адказаў:

— «Citizen» альбо як? «Citizen». Зборка ня ведаю чыя.

Карэспандэнтка: «А як вы лічыце, ці павінны быць нейкія іміджавыя рэчы ў палітыка?»

— О-о-о. Іншых пытаньняў задаць вы ня можаце?

Спэцыяліст у сфэры рэклямы Юлія Ляшкевіч на пытаньне, ці зьяўляецца гадзіньнік паказчыкам статусу, важным іміджавым аксэсуарам для беларускіх кандыдатаў у прэзыдэнты, адказала так:

— Не, я думаю, што не. Гэта маё асабістае меркаваньне.

Апошняе, пра што думалі выбарцы, калі глядзелі дэбаты, гэта якія гадзіньнікі ў нашых кандыдатаў. Няма ў нас, напэўна, яшчэ такой культуры ва ўспрыманьні.
І нічога страшнага ў гэтым, я мяркую, няма. Ад таго, які ў кандыдата гадзіньнік, успрыманьне яго ў вачах людзей не памяняецца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?