Такія віды злаякасных новаўтварэнняў як рак скуры і меланома, могуць развівацца не толькі з пігментных невусаў (радзімак), але і на «голым " месцы. Таму калі на скуры з’явілася язвачка, ці ўшчыльненне, ці месца, якое лушчыцца, і гэтая праблема не знікае на працягу двух-трох тыдняў, а таксама калі невус змяніўся, скажам, у памеры ці колеры, трэба неадкладна паказацца анколагу.

Для прафілактыкі раку скуры і меланомы хірург-анколаг аддзялення рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, кандыдат медыцынскіх навук Генадзь РЫМДЗЁНАК рэкамендуе мець на ўвазе: чым больш пігментных невусаў і чым большых яны памераў, тым вышэй рызыка захварэць на рак скуры ці меланому. Аднак тут важны і такі момант, як траўматызацыя: невусы нельга ні націраць адзеннем, ні пачэсваць. Калі ж уберагчы радзімку ад траўмы не ўдалося, трэба выдаліць яе пасля кансультацыі ў анколага. Наогул выдаленне невусаў, змешчаных у траўманебяспечных месцах, лічыцца прафілактыкай раку і меланомы.

Паводле слоў загадчыка аддзела рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, кандыдата медыцынскіх навук Аляксандра ЖУКАЎЦА, як правіла, рак скуры сустракаецца на шостым-сёмым дзясятку жыцця, а палова выпадкаў меланомы прыпадае на ўзрост да пяцідзесяці гадоў. Меланома лічыцца таксама найбольш частым злаякасным утварэннем у жанчын маладога ўзросту.

Паколькі насельніцтва ў нашай краіне, з аднаго боку, мае пераважна 1 і 2 групы фотатыпаў скуры, а з другога — абсалютная большасць суайчыннікаў маюць пігментныя невусы, насцярожанасць у дачыненні да скуры, свабоднай ад анкапаталогіі, павінна быць ва ўсіх. Захваральнасць на рак скуры і меланому расце не толькі ў Аўстраліі, але і ў шэрагу іншых краін свету, у тым ліку ў Беларусі. Прычым за апошнія дзесяць гадоў у нас назіраецца фактычна падваенне колькасці выпадкаў раку скуры. Аднак калі ў развітых краінах падобныя праблемы выяўляюцца галоўным чынам на 1 стадыі, то ў нас даволі часта сустракаюцца запушчаныя формы. Ранні рак, паводле айчынных падыходаў, — гэта пухліна дыяметрам да 2 см, а ранняя меланома мае таўшчыню да 2 мм.

Адным з важнейшых фактараў развіцця анкалогіі скуры з’яўляецца інтэнсіўнае ультрафіялетавае апраменьванне. Асабліва небяспечныя сонечныя апёкі. Паколькі абсалютная забарона знаходжання на адкрытым сонцы — мера зусім не эфектыўная, значыць, павінны быць хоць нейкія абмежаванні. Тое ж датычыцца і салярыяў, паколькі для скуры не мае значэння — натуральнае апраменьванне або штучнае. Анколагі адносяць салярыі да канцэрагенных фактараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?