Ініцыятарам беларуска-расійскіх перамоў на вышэйшым узроўні 9 снежня ў Маскве быў Дзмітрый Мядзведзеў,

заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы 17 снежня на пытанні журналістаў пры наведванні галоўнага сховішча Нацыянальнага банка.

«Проста як мужчына павёў сябе прэзідэнт Расіі,
 — сказаў Лукашэнка. — Я прыехаў у Маскву, праз пару гадзін патэлефанаваў Мядзведзеў і прапанаваў сустрэцца і абмеркаваць пытанні, якія трэба вырашыць перад пасяджэннямі па Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы».

Паводле слоў беларускага кіраўніка, абмеркаванне прапанаваных пытанняў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў не планавалася, аднак над імі працавалі больш за месяц спецыялісты. «Напярэдадні атрымалі інфармацыю, што ўрады не дамовіліся, значыць, рашэнні павінны прымаць прэзідэнты, — адзначыў ён. — 

Я нікуды не поўзаў. Але калі б нават мне прыйшлося здацца, я за чатыры мільярда ў год гатовы.

Гэта грошы для нашага народа і для нашай дзяржавы».

Лукашэнка ўдакладніў, што расійскі бок ацэньвае выгаду для Беларусі ад дасягнутых дамоўленасцяў у 4 млрд долараў за год. «Але гэта калі ў лоб, а калі ацэньваць праз бізнес і нашы прадпрыемствы, то гэта будзе больш», — лічыць ён.

Паводле заявы Лукашэнкі, у адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі Беларусь атрымае бяспошлінна нафты столькі, колькі неабходна. «Але калі будзем перапрацоўваць толькі расійскую нафту і затым прадаваць [нафтапрадукты], то будзем вывазныя пошліны дзяліць з Расіяй, — сказаў беларускі кіраўнік. — 

Гэтыя дамоўленасці даюць нам магчымасць выканаць запланаваныя паказчыкі да 2013 года. Гэта зрухі на ўсіх кірунках».

Лукашэнка падкрэсліў, што дзвюм краінам яшчэ неабходна дамовіцца пра цэны на газ. «Ідуць цяжкія перамовы, але ў любым выпадку эканоміка ў наступным годзе праглядаецца лепш, чым мы планавалі», — мяркуе ён.

Як паведамлялася раней, паводле дасягнутых дамоўленасцяў Беларусь, атрымліваючы бяспошлінна расійскую нафту, павінна пералічваць у расійскі бюджэт 100% экспартнай пошліны на нафтапрадукты, якія з яе выпрацоўваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?