Літва выказвае шкадаванне і занепакоенасць з нагоды таго, што 19 снежня ўлады Беларусі не забяспечылі грамадзянам сваёй краіны свабоду сходаў і прымянілі сілу супраць дэманстрантаў.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Літвы.

«Асаблівую занепакоенасць выклікаюць брутальныя дзеянні беларускіх сілавых структур у дачыненні да апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, прадстаўнікоў незалежных СМІ, актывістаў апазіцыі, іх арышты, вобыскі ў дамах і на працоўных месцах прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі», — гаворыцца ў заяве.

МЗС Літвы заклікае афіцыйны Мінск устрымацца ад выкарыстання сілы ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, адпусціць затрыманых, як мага хутчэй расследаваць і ацаніць усе інцыдэнты.

Літва кансультуецца са сваімі партнёрамі ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і ЕС па пытаннях ацэнкі ходу і вынікаў выбараў у Беларусі, паведамляе знешнепалітычнае ведамства.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?