«І калі я ў свайго народа ўзяў, — не дзевяць мільярдаў, хоць паўмільёна, — каб у мяне і галава, і гэтыя рукі адваліліся назаўсёды»,
 — заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Лукашэнка адзначыў, што ў апошнія дні перад выбарамі на яго была «арганізаваная фашысцкая атака». «Якая была хлусня. Нібыта Лукашэнка мае фонды прэзідэнта, называліся розныя лічбы. Так, у нас ёсць фонды прэзідэнта — фонд падтрымкі таленавітай моладзі, студэнтаў, фонд па выплаце стыпендый асабліва адораным вучоным, рэзервовы фонд прэзідэнта ў бюджэце. Дык яны ж абсалютна на вачах. Як іх ліквідаваць?» — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што за кошт рэзервовага фонду прэзідэнта ў бюджэце

«мы пажары тушылі ў Расіі».

«У сябе, не дай Бог, нейкія надзвычайныя абставіны, у загашніку нейкія грошы ёсць. Але народ гэтага не ведае. Яны гаварылі аб фондах як аб асабістых фондах прэзідэнта. Мяне адзінае вось гэта заўсёды раніць. Я ніколі чужога не браў. Я сваімі рукамі і галавой імкнуўся зарабляць сабе на жыццё. Я ніколі не ашукваў свой народ. Я народу толькі рабіў дабро. Я ў гэтую скарбонку пастаянна прыносіў, і першы мой узнос быў той мільярд долараў, калі я поўзаў на каленях за Ельцыным, у яго таксама была цяжкая сітуацыя, і прасіў спісаць гэты доўг, бо няма ў беларусаў грошай яго заплаціць. І я дамовіўся, і гэта была мая асабістая настойлівая ініцыятыва.

Я тым мільярдам акупіў усю сваю дзейнасць прэзідэнта на стагоддзі, колькі я буду тут прэзідэнтам», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэсліў, што «ніколі гэты плод не сарву, які б ён ні быў салодкі». «У мяне былі спакусы не адзін дзясятак разоў. Я б мог быць мільянерам або нават мільярдэрам, але я заўсёды памятаў, што мяне абралі прэзідэнтам у той жабрацкай гаротнай у 90-я гады краіне той бедны народ, які на мяне маліўся тады, калі няма чым было карміць дзяцей, калі няма чаго было есці, — сказаў ён. — Я памятаю, як згорбленыя, скручаныя, хворыя людзі, якія гадамі ляжалі ў ложку, падымаліся і паўзлі на ўчастак, не давяраючы дзецям, ішлі галасаваць за Лукашэнку. Я ніколі не забуду. Гэта для мяне найвялікшая каштоўнасць у жыцці. І я буду ахвяраваць усім, што ў мяне ёсць, дзеля свайго народа. Гэта не патэтыка, не гучныя словы, гэта ўсё маё жыццё ў гэтым заключана».

Лукашэнка таксама назваў хлуснёй інфармацыю аб тым, што нібыта яго асабістае багацце роўнае дзевяці мільярдам долараў.

«Дасведчаныя людзі ведаюць, што немагчыма нават мільён сёння схаваць на рахунках, каб на Захадзе тыя, каму трэба, не ведалі аб гэтым. А тут 15 вагонаў купюр схавана, і ніхто знайсці не можа. Нават у Расіі, калі б захацеў прэзідэнт выкрасці дзевяць мільярдаў, не змог бы гэтага зрабіць, і гэта ў найбагацейшай Расіі. А у нас? Дзе можна выкрасці, на чым? Людзі майго ўзроўню крадуць, перш за ўсё, на прыватызацыі», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што выкрасці чыноўнікі могуць, калі ідзе маштабная прыватызацыя і чыноўнікі яе падтрымліваюць актыўна. «Вось там чакайце крадзяжу і карупцыі, таму што ўласнасць заўсёды ацэньваецца рыначным чынам — ад балды. Хто можа сказаць, колькі сёння каштуе тое ці іншае прадпрыемства, хто можа палічыць? Ніхто. У нас што, ішла маштабная прыватызацыя? У нас што, бязмерна пампуецца газ і нафта, што можна так ці інакш выкрасці? Што ты выкрадзеш ад тэлевізара, трактара і аўтамабіля? Вырабіў, прадаў. Ты мізэрны прыбытак забярэш у народа? Дык не атрымаецца», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?