Сябры Мінскай гарадской выбарчай камісіі Галіна Сямдзянава і Аляксей Сігаеў не падпісалі выніковы пратакол па выніках выбараў Прэзідэнта. Яны выклалі свае асаблівыя меркаванні, у якіх пералічылі парушэнні Выбарчага кодэксу падчас прэзідэнцкай кампаніі, указаўшы, што гэтыя факты даюць падставы прызнаць выбары ў Мінску несапраўднымі.

Спіс парушаных артыкулаў выбарчага заканадаўства, якія згадваюцца ўсаблівым меркаванні прадстаўніцы Партыі БНФ Галіны Сямдзянавай, не проста гучыць вельмі пераканаўча — ён уражвае. Народнае волевыяўленне ў сталіцы ішло ўразрэз ажно з дзевяццю артыкуламі дзеючага ў краіне Выбарчага кодэкса. Прычым парушэнні закона адбываліся літаральна на ўсіх этапах выбарчай кампаніі.

Напрыклад, пры фармаванні выбарчых камісій (як тэрыятарыяльных, так і ўчастковых) кандыдатуры ў іх склад «падбіраліся пэўнымі зацікаўленымі асобамі».

Уключаныя ў склад выбарчых камісій прадстаўнікі апазіцыі сустракалі моцнае супрацьдзеянне пры спробе падпісаць усе атрыманыя камісіямі бюлетэні для галасавання.

Што датычыць кульмінацыйнага моманту выбараў — падліку галасоў, то, па словах Аляксея Сігаева, «ва ўстанаўленні вынікаў галасавання не маглі прымаць удзел усе сябры падліковай камісіі». У сувязі з гэтым, працягвае ён,

на ўчастку № 60 Фрунзенскага раёну сябрам камісіі Стома Ларысай Ігнацьеўнаў да пратакола па ўстанаўленні вынікаў галасавання было напісана асаблівае смнркаванне. «У прыватнасці, яна адзначае, што толькі ў тым стосе, што падлічвала яна сама, колькасць бюлетэняў за Някляева У.П. склала 46, а ў выніковым пратаколе за Някляева запісана толькі 29 галасоў», — паведамляе А.Сігаеў.
Г. Сямдзянава адзначае, што, насуперак патрабаванням закона, амаль нідзе не праводзіўся асобны падлік галасоў, а там, дзе ён меў месца,
«можна было назіраць значнае разыходжанне дадзеных па датэрміновым галасаванні, галасаванні па месцы знаходжання і ўчастку». Сябра Мінскай гарадской камісіі прыводзіць некалькі прыкладаў: «Так, на ўчастку № 6 Партызанскага раёна за Лукашэнку датэрмінова прагаласавала 65,78%; па месцы знаходжання выбаршчыкаў 77,78%; у дзень галасавання — 36,01%
(усяго 42,97%). Участак № 8 Партызанскага раёна — за Лукашэнку датэрмінова прагаласавала 78,3%; па месцы знаходжання выбаршчыкаў 84,38%; у дзень галасавання 33,2% (усяго 41,63%). Участак № 27 Савецкага раёна — за Лукашэнку датэрмінова прагаласавала 88,33%; па месцы знаходжання выбаршчыкаў 84%; у дзень галасавання 37,85% (усяго 44,98%)». Да таго ж, падлік галасоў праводзіўся ў маўчанні, і агульныя вынікі мог ведаць толькі старшыня камісіі.

Галіна Сямдзянава лічыць, што прыведзеныя ёю прыклады «дазваляюць зрабіць выснову, што ўчастковыя камісіі г. Мінска недобрасумленна падыйшлі да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў па правядзенні выбараў, галасаванні і падліку галасоў, тым самым садзейнічалі фальсіфікацыі вынікаў выбараў».

Такім чынам, два сябры Мінскай гарадской выбарчай камісіі не прызнаюць вынікі выбараў. «На падставе вышэй апісанага, я прыходжу да высновы, што выбары на тэрыторыі г. Мінска прайшлі з парушэннем заканадаўства. І лічу, што на тэрыторыі г. Мінск трэба прызнаць несапраўднымі», — падводзіць рысу А.Сігаеў. «У адпаведнасці з вышэйназваным, а таксама ўлічваючы непрапарцыйнае пакаранне за выказаную грамадзянамі незадаволенасць вынікамі выбараў у дзень галасавання, я не магу падпісаць пратакол аб выніках галасавання па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па гораду Мінску, — піша Г. Сямдзянава. — Лічу, што выбары па г. Мінску трэба прызнаць несапраўднымі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?