Моладзеваму актывісту Дзмітрыю Федаруку, арыштаванаму на 10 сутак за ўдзел у акцыі 19 снежня, за кратамі прыйдзецца правесці 18 сутак. Неверагодна, але факт: яму прыйдзецца адсядзець 8 сутак, якія ён атрымаў за ўдзел у Першамаі ў 2008 годзе!

Такіх фінтоў з ігнараваннем закона сістэма МУС даўно не выкідвала (калі не лічыць масавую снежаньскую «зачыстку» без разбору, віны і доказаў). За ўдзел у святкаванні Першамая рашэннем суда Цэнтральнага раёну ад 12 мая 2008 года актывісту быў вынесены адміністратыўны арышт на тэрмін 10 сутак, якія ён не адбыў. 28 студзеня 2009 года Федарука адвезлі адбываць арышт у ізалятар на Акрэсціна, што стала грубым парушэннем закона, паколькі ў артыкуле 13.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях дакладна вызначаныя тэрміны выкакананньня пакарання па адміністрацыйных справах — 3 месяцы. Простая арыфметыка: ад 12 траўня да 28 студзеня прайшло больш за восем месяцаў.

Тады, 30 студзеня 2009 года, пасля адбытых на Акрэсціна 2 сутак арышту Дзмітрый быў гвалтоўна накіраваны ў войска.

І вось больш як праз два з паловай гады нашы «законнікі» ўзгадалі пра неадседжаныя ў свой час Федаруком 8 сутак. Моладзевы актывіст, які павінен быў выйсці з Акрэсціна яшчэ 29 снежня мінулага года, працягвае ўтрымлівацца пад вартай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?