Былы кандыдат у прэзідэнты сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі мае намер звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб асабістай сустрэчы.

Пра гэта ён заявіў 4 студзеня групе беларускіх і літоўскіх журналістаў.

Нагадаем, Рымашэўскі быў затрыманы 19 снежня пасля акцыі апазіцыі ў Мінску. Разам з шасцю іншымі экс-кандыдатамі ў прэзідэнты ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Артыкул 293 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Са следчага ізалятара КДБ Рымашэўскага выпусцілі ў ноч на 1 студзеня пад падпіску аб нявыездзе, пасля таго як ён напісаў тлумачальную запіску на імя Лукашэнкі. 4 студзеня палітык меў намер даць прэс-канферэнцыю, але вымушаны быў змяніць свае планы. У КДБ Рымашэўскага папярэдзілі: у выпадку правядзення прэс-канферэнцыі яго зноў заключаць пад варту.

«Калі б прэс-канферэнцыя адбылася, я б звярнуўся да Лукашэнкі з заклікам аб сустрэчы.

Спадзяюся, што змагу сказаць усё, што я хачу сказаць, асабіста Лукашэнку», — паведаміў сёння Рымашэўскі.

Ён пацвердзіў, што напісаў тлумачальную запіску на імя Лукашэнкі. «На жаль, расказаць, пра што яна, і каментаваць яе я зараз не магу, бо даў падпіску аб неразгалошванні. Але хачу сказаць усім сваім нядобразычліўцам: „Не радуйцеся“, а ўсім сваім прыхільнікам: „Не хвалюйцеся“. Мая пазіцыя да 19 снежня, 19-га і пасля 19-га засталася нязменнай. І ніякія лісты, ніякія тлумачэньні, ніякія мае паказаннi не супярэчылі гэтай пазіцыі.

Я гатовы несці адказнасць за свае словы і перад Богам, і перад людзьмі», — падкрэсліў палітык.

Сваёй першачарговай задачай Рымашэўскі лічыць вызваленне ўсіх затрыманых 19 снежня. «Я не лічу сябе на волі, я не буду адчуваць сябе свабодна і шчасліва, пакуль хоць адзін з маіх калегаў знаходзіцца ў зняволенні. Для мяне адна з самых галоўных мэтаў — я памятаю гэта кожны дзень — зрабіць усё магчымае, каб яны выйшлі на свабоду «, — заявіў ён.

Паводле словаў экс-кандыдата, зняволеным зараз патрэбна перш за ўсё салідарнасць. «Палітвязняў трэба падтрымліваць, падтрымліваць і яшчэ раз падтрымліваць. Многія дзеянні, якія былі ажыццёўлены, былі правільнымі. Я нават не ведаю, быў бы я на волі, змог бы я зрабіць больш і лепш, чым было зроблена іншымі людзьмі», — сказаў Рымашэўскі.

Ён «быў прыемна здзіўлены тым узроўнем самаарганізацыі людзей, узроўнем салідарнасці, якая праявілася нягледзячы на тое, што ўсе лідэры знаходзяцца ў зняволенні». «Надзея не ў лідарах, а як раз у гэтых людзях. Калі ёсць такія людзі, якія здольныя самі дзейнічаць, самаарганізавацца, — у гэтым надзея, у гэтым будучыню», — перакананы палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?