Фота Еўрарадыё

Фота Еўрарадыё

Удзел Беларусі ў ініцыятыве Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» залежыць ад далейшага развіцця сітуацыі ў краіне. Пра гэта заявіў пасол Венгрыі — яна старшынюе ў ЕС — Ферэнц Контра 5 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«З-за падзей апошніх двух тыдняў у нас складваецца ўражанне, што жаданне супрацоўніцтва падае з беларускага боку. Пакуль мы аналізуем сітуацыю і не хацелі б рабіць паспешлівых высноў», — сказаў ён.

Контра падкрэсліў, што далейшае развіццё беларуска-еўрапейскіх адносін будзе залежаць ад рашэння, якое прымуць міністры замежных спраў краін ЕС на пасяджэнні ў студзені. «Але калі ў Беларусі з’явяцца новыя палітвязні, то адносіны ЕС і Беларусі кардынальна зменяцца. Некаторыя людзі няправільна ацэньваюць сітуацыю і не разумеюць, што з ЕС можна працаваць на аснове пэўных прынцыпаў. Калі гэтыя прынцыпы не паважаюцца, то не можа быць супрацоўніцтва», — зазначыў дыпламат.

Паводле яго слоў,

калі Беларусь хоча «паўнацэнна ўдзельнічаць ва Усходнім партнёрстве, то штосьці трэба мяняць».

Контра таксама паведаміў, што саміт краін — удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства» пройдзе 27 мая 2011 года ў Будапешце. Ён не змог адказаць на пытанне, ці будзе запрошаны для ўдзелу ў мерапрыемстве беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. «Рашэнне яшчэ не прынята, запрашэнні не рассылаліся. Але перш чым такое рашэнне будзе прынята, у Беларусі павінны быць зробленыя нейкія крокі. У прыватнасці,

павінны быць вызваленыя ўсе затрыманыя падчас акцый, а таксама павінен спыніцца пераслед журналістаў»,

— сказаў Контра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?