Самы канец 2010 году падарыў беларускамоўнаму чытачу кнігу аб Грунвальдскай бітве.
У юбілейны год публікацый на гэтую тэму была процьма, аднак праца літоўскага гісторыка Мечысловаса Ючаса беларусам запомніцца надоўга. Асабліва такім, якія шчыра называюць Вітаўта беларускім князем, а перамогу пад Грунвальдам лічаць ледзьве не спробай заснавальнікаў Полацка падпарадкаваць сабе Еўропу.

Мечысловас Ючас піша зусім аб іншай Грунвальдскай бітве. Для яго яна — частка шматвекавога супрацьстаяння балтыйскіх і нямецкіх плямёнаў. А таксама бэкграунд асабістага канфлікту Вітаўта і Ягайлы. Ючас дастаткова знакаміты ў Літве даследчык для таго, каб «Грунвальдскую бітву» можна было назваць афіцыйнай літоўскай версіяй. І ў гэтай версіі месца для беларусаў вельмі мала. Цікаўныя могуць паспрабаваць знайсці згадкі аб ролі славянскай часткі насельніцтва ВКЛ у вайне з крыжакамі. У аўтара гэтых радкоў не атрымалася. Як не атрымалася таксама знайсці спасылкі на працы беларускіх гісторыкаў.

Кнігу варта мець усім, хто хаця б крышку цікавіцца гісторыяй ВКЛ. Яна дасць магчымасць пабачыць гісторыю Вялікага Княства літоўскімі вачыма.

Пытайцеся ў распаўсюднікаў часопіса «Архэ» і незалежных гандляроў.

Мечысловас Ючас, Грунвальдская бітва, — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 243 с.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?