Сэрвісны цэнтр Apple у Нарвегіі адмовіў мясцовай жыхарцы ў бясплатным рамонце iPhone 4. Прычынай адмовы стала выкарыстанне апарата пры адмоўнай тэмпературы паветра — на вуліцы было мінус 12 паводле Цэльсія.

Свой смартфон нарвежка купіла ў кастрычніку 2010. Праз два месяцы, у снежні, тэлефон узарваўся ў яе аўтамабілі. Выбух адбыўся ў той момант, калі апарат быў падлучаны да стэрэасістэмы машыны. Па словах жанчыны, тэмпература ў салоне ў той момант складала +20 градусаў.

Тым не менш, супрацоўнікі сэрвіснага цэнтра не прынялі прыладу ў рамонт. Яны палічылі, што нарвежка падключыла iPhone да стэрэасістэмы перад пачаткам паездкі, калі тэмпература ўнутры аўтамабіля набліжалася да вулічнай (-12 градусаў).

У інструкцыі карыстальніка iPhone 4 гаворыцца, што смартфон нельга выкарыстоўваць пры тэмпературы ніжэй за нуль і вышэй за 35 градусаў, а таксама падвяргаць яго ўздзеянню рэзкіх перападаў тэмператур.
Захоўваць апарат, не карыстаючыся ім, можна пры тэмпературах ад -20 да +45 градусаў паводле Цэльсія.

Прадстаўнік Саюза спажыўцоў Нарвегіі падтрымаў пацярпелую, заявіўшы, што смартфоны, якія прадаюцца ў Нарвегіі, мусяць быць прыстасаваныя да працы ў суровым клімаце гэтай краіны.

Пры гэтым ён, праўда, прызнаў у інтэрв’ю мясцовай газеце, што высветліць сапраўдную прычыну паломкі iPhone 4, які належыць нарвежскай аўтамабілістцы, будзе нялёгка.

Пра выпадкі выбухаў iPhone паведамлялася і раней, аднак прычынай такіх інцыдэнтаў, як правіла, быў не мароз або перапад тэмператур, а перагрэў літый-іённай батарэі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?