У нядзелю 9 студзеня, пасьля багаслужбы ў царкве сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рыверы (ЗША), у залі Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру адбылася традыцыйная дзіцячая ялінка.

Удзельнікі сьвяткавальнай праграмы дэклямавалі беларускія вершы й сьпявалі беларускія й амэрыканскія калядкі пад музыку сям’і Валянціна й Таццяны Дзямешчыкаў ды іхных дзяцей, Вольгі й Сяргея.

Бацькі й дзяды ўдзельнікаў праграмы, а таксама настаяцель царквы сьв. Еўфрасіньні Полацкай а. Міхаіл разам з прыхаджанамі, прыемна правялі час у вясёлай атмасфэры, удзячныя за сьвяточны настрой. Сястрыцтва царквы, а таксама бацькі дзяцей і некаторыя прыхаджанкі, парупіліся аб смачнай ежы й ласунках-пачастунках, якія дзеці шчодра раздавалі прысутным. Шумлівую грамаду малых і моладзі наведаў беларускі Дзед Мароз (сп. Ігар Шаройкін) з торбай цукерак.

А на заканчэньне прыбыў на пажарнай машыне й амэрыканскі Санта Клаўс з торбай падарункаў. На фота- і відэаапаратах засталося мноства радасных мамэнтаў для сучаснай пацехі й будучых успамінаў.

Падрыхтоўкай праграмы сьвяткаваньня займалася спадарыня Тацьцяна Дзямешчык пры актыўнай дапамозе бацькоў дзяцей, якія ўдзельнічалі ў гэтым сьвяткаваньні для ўсіх пакаленьняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?