Ён зрабіў заявы ад імя апазіцыі, не ўзгадніўшы іх з калегамі.

Апазіцыйныя палітыкі паўтараюць памылкі, якія рабілі ў папярэднюю пяцігодку.

На гэты раз сепаратную гульню распачаў Аляксандр Казулін, які прамаўчаў перыяд выбараў, а пасля 19 снежня вярнуўся ў актыўную палітыку. Ён удзельнічаў у вялікім еўрапейскім турнэ разам з Сяргеем Калякіным, Станіславам Шушкевічам і Дзянісам Садоўскім. Гэтая міні-кааліцыя заснавала ў Варшаве прадстаўніцтва беларускай апазіцыі. З ёю зблізіліся асобы, якія шчыльна ўдзельнічалі ў кампаніі «Гавары праўду».

Прычынай для міні-скандалу гэтым разам стаў зварот, які быў уручаны падчас сустрэчы беларускай дэлегацыі з міністрам замежных спраў Галандыі.
Перадаў яго экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін.

Гэты факт абурыў Аляксандра Мілінкевіча, з якім тэкст не ўзгаднілі, хоць яны з Казуліным наведвалі Гаагу разам. Больш за тое, па словах Мілінкевіча, зварот быў зроблены ад імя Каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл, хаця ні ён, ні іншыя члены рады пра зварот не ведалі.

Сайт Pyxу за Свабоду зазначыў, што «гэты прыкры факт калі не сведчыць пра амбіцыйную спробу ўзурпацыі кааліцыйнай шыльды ці маніпуляцыі ёю, дык, прынамсі, ставіць пад сумнеў магчымасць сапраўды прыстойнай супольнай працы апазіцыйных сілаў у межах Каардынацыйнай Рады. На жаль, гэта адбылося на фоне падзеяў вакол і ўнутры Беларусі, якія вымагаюць разважлівых паводзін і рашэнняў, а таксама мусяць паспрыяць салідарнасці і маральна-палітычнаму аздараўленню апазіцыі».

Казулін у інтэрв’ю «Народнай волі» сказаў, што прэтэнзіі Мілінкевіча «смешныя і дзіўныя.
Па-першае, ніякіх зваротаў ад імя Рады я нікому не перадаваў. Па-другое, тэкст звароту, які атрымаў міністр замежных спраў Галандыі, быў узгоднены з Аляксандрам Мілінкевічам. Мы разам абмяркоўвалі яго па пунктах. «Мы» — гэта не толькі я і Мілінкевіч, тады было б незразумела, каму верыць, але таксама Дзяніс Садоўскі [прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі], Ева Някляева [дачка лідара кампаніі «Гавары праўду»] і Юлія Слуцкая».

Аднак іншыя палітыкі пацвердзілі, што заява сапраўды ні з кім не ўзгаднялася. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў у інтэрв’ю інтэрнэт-выданню «Мы», што нічога не ведаў пра падрыхтоўку такога дакумента:

«Рэчы кшталту таго, што зрабіў спадар Аляксандр Казулін, негатыўна ўплываюць на магчымасць супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў унутры краіны і на стаўленне да іх за мяжой», —
кажа ён.

Не ў курсе, што за дакумент абнародаваў Казулін, Станіслаў Багданкевіч з АГП.

А старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук уразіўся: «Шчыра кажучы, не верыцца, што палітык пайшоў на такі крок. Як мінімум, такія дзеянні павінны абмяркоўвацца з калегамі па Радзе. Нашто тады ўсё гэта ствараць? Каб потым чарговы раз пасварыцца і разбегчыся? Людзі ж не пешкі, каб іх па клетках перасоўваць і маніпуляваць імі… Паўтаруся, складана паверыць!»

Аляксандр Казулін у сваёй спробе перацягнуць коўдру на сябе паўтарыў уласныя памылкі мінулых гадоў. Няўменне людзей, якія прэтэндуюць на лідарства, каардынаваць дзеянні ўнутры апазіцыі, выклікала тады і цяпер выклікае неразуменне і расчараванне як у Еўропе, так і ў грамадзянскай супольнасці ўнутры Беларусі.

Яно то драбніца быццам бы, яйка, выедзенае на сняданку. Але сур’ёзная палітыка так не робіцца. Асабліва недарэчна глядзяцца ўся гэтая барацьба за «статус» у часе, калі 52 чалавекі сядзяць за справу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?