Рух за Свабоду апублікаваў шэдэўр эпісталярнага жанру.

У інтэрнэце з’явілася сканаваная версія дакумента, які спрабавалі падсунуць нідэрландскаму міністру ад імя «ўсёй беларускай апазіцыі» і які выклікаў абурэнне Мілінкевіча.

Прынцыповае разыходжанне між пазіцыяй Мілінкевіча і групы Казуліна і «Гавары праўду» знойдзеце на старонцы 2, у пункце 3. Там змяшчаецца заклік — англійская мова аўтараў дакумента гэта Гугл Транслейт, але сэнс тэксту ясны, — аўтары заклікаюць еўрапейцаў скаардынаваць эканамічны ціск на Беларусь з Расіяй. «Мэтай гэтай палітыкі мае быць каардынацыя эканамічнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі між ЕС і Расіяй» (цытую даслоўна, стыль аўтараў).

Мілінкевіч падпісацца пад такім заклікам не мог. Ён выступае супраць прыцягвання Расіі да вырашэння ўнутрыбеларускіх пытанняў. Дзіўна тое, якім чынам заклік мог з’явіцца ад імя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. На момант напісання артыкула Дзяніс Садоўскі быў недаступны для каментароў.

Незалежна ад зместу, сорамна, калі за дакументы выдаюцца паперкі, дзе аўтары робяць дзве памылкі ў назве месяца «студзень». Еўропа не будзе ўспрымаць гэта іначай як несур’ёзнасць беларускай апазіцыі.

«Цяпер ясна, чаго «легітымныя прадстаўнікі Беларусі» хочуць ад дыпламатаў ЕС. Гл. пункт чацвёрты — «Трэнінгавы цэнтр у Гаазе» (пры судзе? Трэніравацца судзіць АРЛа?) і «Прадстаўніцтва ў Брусэлі». Ну, гэта ў дадатак да офіса ў Варшаве», — пад’ялдыквае блогерка Barilotti. [Маецца на ўвазе Прадстаўніцтва беларускай апазіцыі ў Варшаве, адкрыцця якога дабіліся Калякін, Казулін і Шушкевіч і якое, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», мае ўзначаліць Юлія Слуцкая.]

Як бачым, барацьба за статус разгарнулася не на жарты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?