На афіцыйным сайце ЕС з’явіўся спіс 158 лукашэнкаўцаў, якім забаронены ўезд у Еўрасаюз. Сярод іх ёсць і журналісты.У прыватнасці, трапіў пад забарону былы кіраўнік БТ Аляксандр Зімоўскі — творца канцэпцыі прамыўкі мазгоў з дапамогай неаб’ектыўных тэленавінаў. Зімоўскаму не прывыкаць — ён прысутнічаў на ганаровым месцы і ў папярэднім забаронным спісе.
Разам са сваім калегам па блакітным экране ў спіс трапілі вядучыя прапагандысты Казіятка, Міхальчанка і Пракопаў, а таксама зменшчык і суаўтар «Плошчы. Жалезам па шкле» Генадзь Давыдзька.
У новы спіс увайшлі таксама рэдактары шэрагу дзяржаўных газет, якія асабліва вылучыліся ў публікацыі паклёпніцкіх матэрыялаў пра апазіцыю і ператварылі свае, фармальна дзяржаўныя, гэта значыць, якія павінны адлюстроўваць думкі ўсяго грамадства, выданні ў рупары аднаго палітыка.
У спісе знайшоўся палымяны публіцыст Вадзім Гігін. Галоўны рэдактар органа ідэалагічнай вертыкалі «Беларуская думка», ён захоплена ўхваляў расправы з палітычнымі праціўнікамі.
Што датычыць «Советской Белоруссіі», «галоўнай газеты краіны», то ў спіс увайшлі не толькі яе галоўны рэдактар Павел Якубовіч, але і ягоныя намеснікі Таранда, Гардзіенка, Тарапецкая і Шадрына.Цікава, што Ганна Шадрына пасля выбараў сышла з газеты, што выклікала чуткі пра палітычную матывацыю такога кроку. Аднак сама Шадрына паспяшалася іх абвергнуць, маўляў, ворагі прыдумляюць. І вось яна таксама трапіла ў спіс — як кіраўніца выдання, якое ў часе выбарчай кампаніі і пасля яе парушала прынцыпы аб’ектыўнасці.
Пікантна тое, што Шадрына доўгі час была звязана з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам. І вось цяпер ён застаецца за мяжой.
Зрэшты, усё гэта лёгкія маральныя пакуты ў параўнанні з тым, што перажылі арыштаваныя журналісты.
Былая намесніца галоўнага рэдактара «Советской Белорусіі» Анна Шадрына пракаментавала для «Нашай Нівы» рашэнне Еўрасаюзу аб візавых санкцыях. Шадрына адна з дзесяці прадстаўнікоў СМІ, што трапілі ў гэты спіс.
«Мне непрыемна бачыць там сваё прозвішча. Канечне, я разумею, адкуль гэтае рашэнне. Я 13 гадоў адпрацавала ў газеце «Советская Белоруссія». Калі гэта паводле прынцыпу прыналежнасці да дзяржаўнга выдання, то я гатова несці адказнасць. Канечне, па мне ўдарыць, калі я не змагу наведваць замежжа».