Прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў даручыў расійскаму МЗС улічваць у сваёй пазіцыі думку праваабаронцаў аб падзеях у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

«Магу вам сказаць прама і хачу, каб усе нашы беларускія сябры, у шырокім сэнсе гэтага слова, ведалі пра маю пазіцыю, мяне таксама здзіўляе тое, што там адбылося.
І я даў даручэнне, каб на тыя аргументы, якія Вы прыводзіце ў сваім звароце, звярнула ўвагу Міністэрства замежных спраў пры выпрацоўцы дыпламатычнай пазіцыі Расійскай Федэрацыі ў цэлым», — заявіў Мядзведзеў 1 лютага на пасяджэнні Рады па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека, поўная стэнаграфічная справаздача якога апублікавана ў сераду на сайце Крамля.

Пры гэтым

расійскі прэзідэнт адзначыў, што яго выказванні па гэтай тэме маглі быць «менш дыпламатычнымі», калі б ён з самага пачатку не паабяцаў, што поўная стэнаграма пасяджэння будзе апублікавана на сайце кіраўніка дзяржавы.

«Вы ўсё ж не забывайце, вы — праваабаронцы, а я — кіраўнік дзяржавы», — дадаў ён, звяртаючыся да чальцоў савета.

Наконт погляду на развіццё палітычнага жыцця ў Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў грамадскім дзеячам звярнуцца да яго блога.

«Усе астатнія рэчы каментаваць не буду, прапаноўваю звярнуцца да першакрыніцы — майго блога. Я, па-мойму, там вельмі адкрыта выказаўся па цэлым шэрагу момантаў, звязаных з тым, як развіваецца палітычнае жыццё ў Беларусі. Хачу вам сказаць, што пасля выбараў я свае пазіцыі не змяніў», — падкрэсліў Мядзведзеў.

Гэту рэакцыю расійскага прэзідэнта выклікалі словы аднаго з удзельнікаў пасяджэння. Ён перадаў Мядзведзеву справаздачу праваабаронцаў аб сітуацыі ў Беларусі, выказаўшы занепакоенасць усяго савета «адсутнасцю колькі-небудзь выразнай рэакцыі расійскага ўрада на падзеі ў Беларусі».

2 лютага кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што Расія не падтрымлівае санкцыі, уведзеныя Еўрасаюзам і ЗША супраць кіраўніцтва і чыноўнікаў Беларусі, аднак масавыя арышты пасля выбараў з’яўляюцца непрымальнымі. «Тое, што адбылося пасля завяршэння галасавання, з’яўляецца непрымальным. І Расія выказалася выразна не толькі таму, што былі затрыманы нашы грамадзяне, а таму, што ў цэлым хваля арыштаў не можа не выклікаць адпаведных эмоцый», — сказаў Лаўроў.

Ён выказаў надзею, што беларускія ўлады аператыўна адрэагуюць на патрабаванне Захаду вызваліць арыштаваных кандыдатаў у прэзідэнты, журналістаў і праваабаронцаў, а таксама забяспечыць абарону правоў чалавека і палітычных свабод.

Нагадаем, 19–20 снежня ў Мінску пасля разгону акцыі пратэсту апазіцыі ў ліку больш чым 600 чалавек былі затрыманы і прыгавораны да розных тэрмінаў адміністрацыйнага арышту 12 грамадзян РФ. Вечарам 29 снежня дзякуючы намаганням расійскіх дыпламатаў усіх іх вызвалілі.

Аднак двое з гэтых дванаццаці былі зноў затрыманы, але ўжо ў межах расследавання крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Яны ў ліку абвінавачваных па гэтай крымінальнай справе і ўтрымліваюцца ў СІЗА больш за месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?