На паўночны ўсход Аўстраліі абрынуўся самы моцны за апошнія сто гадоў цыклон Ясі.
Хуткасць ветру дасягала 300 км/г. У выніку стыхіі з тысяч дамоў былі сарваныя дахі, у прыбярэжных раёнах адзначаныя затапленні. Без электрычнасці застаюцца прынамсі 180 тысяч дамоў, у пашкоджаных раёнах пачалі працаваць супрацоўнікі выратавальных службаў.
Аднак у цэлым пашкоджанні меншыя, чым чакалі сіноптыкі. Пра чалавечыя ахвяры не паведамляецца, хаця ў небяспечнай зоне жыве каля 300 тысяч чалавек.
Цыклон памерам з Італію прайшоў міма найбуйнейшых гарадоў Квінслэнда.
Нагадаем, у студзені гэты штат сур’ёзна пацярпеў ад найбуйнейшай паводкі. Тады агульная плошча затаплення перасягнула тэрыторыі Францыі і Германіі разам узятыя, а вада ў рэках паднялася амаль на дзесяць метраў вышэй за звычайны ўзровень. Ахвярамі стыхійнага бедства сталі 15 чалавек.





