Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес, выступаючы ў сераду, 2 лютага, па нацыянальным тэлебачанні і радыё ў сувязі з12-й гадавінай знаходжання на пасадзе, упершыню папрасіў прабачэння перад народам за дапушчаныя памылкі.
«Я прашу прабачэння ў венесуэльскага народа за дапушчаныя памылкі і пралікі, якія зрабіў за 12 гадоў знаходжання ва ўладзе», — заявіў Чавес.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў сваёй працы заўсёды імкнуўся палепшыць жыццё простага народа, зрабіць Венесуэлу моцнай і квітнеючай.
Чавес адзначыў, што за 12 гадоў яго прэзідэнцтва атрымалася зменшыць на 60% злачыннасць у краіне, а таксама пабудаваць тысячы кватэраў для маламаёмных сем’яў.
У сваім выступе прэзідэнт Венесуэлы заклікаў палепшыць у краіне сістэму адукацыі і выхавання, а таксама ператварыць школы ў «цэнтры народнай барацьбы». «Не трэба забываць, што нашыя апаненты ўсяляк спрабуюць нас зганьбаваць і скампраметаваць у вачах моладзі. Нашая задача — выхаваць маладое пакаленне ў духу адданасці сацыялістычным ідэям», — сказаў Чавес.
Нагадаем, у снежні дэпутаты Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы прагаласавалі за надзяленне Уга Чавеса надзвычайнымі паўнамоцтвамі тэрмінам на паўтара года.





