У другой палове студзеня Нацбанк адразу ўдвая падвысіў стаўкі для банкаў па інструментах падтрымання ліквіднасці. Гэта прывяло да таго, што рэсурсы Нацбанка для банкаў падаражэлі. Следам прыкметна падрасла цана рэсурсаў на міжбанкаўскім рынку. Як вынік, банкі пачалі падымаць стаўкі і па крэдытах.

Нацыянальны банк Беларусі з 26 студзеня 2011 павысіў працэнтную стаўку па двухбаковых пагадненнях СВОП (па нацыянальнай валюце) на 2 працэнтныя пункты — да 15% гадавых. За тыдзень да гэтага, 18 студзеня, стаўка па двухбаковых пагадненнях СВОП вырасла з 11% да 13% гадавых.

Павышэнне цаны рэсурсаў Нацбанка неадкладна адбілася на цане рэсурсаў на міжбанкаўскім рынку. За студзень сярэднія стаўкі аднадзённых міжбанкаўскіх крэдытаў прыкметна выраслі — з 10,1% у пачатку месяца да 14,9% у канцы.

Кіраўнік аднаго з камерцыйных банкаў Беларусі паведаміў Naviny.by, што працэнтная палітыка Нацбанка прымушае банкі пераглядаць стаўкі па крэдытах у бок павелічэння.

«Рост ставак па крэдытах абумоўлены больш жорсткай грашова-крэдытнай палітыкай у частцы працэнтаў па інструментах падтрымання ліквіднасці сістэмы, — паведаміў кіраўнік камерцыйнага банка. — Таму мы, напрыклад, ужо прынялі рашэнне аб павышэнні працэнтных ставак па крэдытах. Асноўная маса банкаў думае ў гэтым жа кірунку».

У той жа час Нацбанк, падвышаючы для банкаў цану рэсурсаў, пераследуе ўласныя мэты.

«Сёння мы гаворым банкам: беларускія рублі дарагія, беларускія рублі для вас недаступныя, таму, калі ласка, шукайце больш даступныя рэсурсы», — пракаментаваў кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч рашэнне аб падвышэнні ставак па пагадненнях СВОП.

Нацбанк заклікае камерцыйныя банкі прыцягваць танныя замежныя рэсурсы ў сваіх заснавальнікаў — матчыных структураў. Камерцыйныя банкі, паводле задумы Нацбанка, павінныя стаць донарамі валюты.

«Прыцягвайце замежныя рэсурсы, працуйце з Нацыянальным банкам і атрымлівайце ў абмен танныя беларускія рублі. Але толькі ўзамен на замежную валюту!» — падкрэсліў кіраўнік цэнтральнага банка.

Па дадзеных Нацбанка, рублёў сёння ў банкаў не хапае. Дэфіцыт рублёвай ліквіднасці ў банках перавышае сёння трыльён рублёў. У мінулым годзе спраўляцца з дэфіцытам рублёвай ліквіднасці дапамагаў камерцыйным банкам Нацбанк.

У чацвёртым квартале 2010 года двухбаковыя пагадненні СВОП былі асноўным інструментам прадстаўлення рублёвай ліквіднасці банкам: у кастрычніку — 6,34 трлн рублёў, у лістападзе — 19,63 трлн рублёў, у снежні — 10,41 трлн рублёў.

На думку банкіраў, цэнтральны банк, двойчы падвысіўшы ў студзені цану сваіх рублёвых рэсурсаў, імкнецца стымуляваць банкі прадаваць валюту на ўнутраным рынку.

«Гэта механізм ускоснага ўздзеяння на банкі. Ва ўмовах, калі ў Нацбанка валюты не хапае, цэнтральны банк стымулюе банкі прадаваць сваю валюту на ўнутраным рынку ў абмен на рублі», — пракаментаваў узніклую сітуацыю бізнэс-аналітык аднаго з банкаў.

Эканаміст Дзмітрый Крук лічыць, што

Нацбанк сваімі дзеяннямі хоча падключыць камерцыйныя банкі да выканання задачы па забяспечанні краіны замежнай валютай.

«Сітуацыя з валютнымі рэзервамі не вельмі пазітыўная, і Нацбанк хоча знайсці ў асобе камерцыйных банкаў дадатковыя магчымасці для ліквідацыі адмоўнага сальда на валютным рынку», — мяркуе Дзмітрый Крук.

На думку эксперта, цэнтральны банк зыходзіць з таго, што ў камерцыйных банкаў ёсць магчымасці павялічыць прапанову валюты на ўнутраным рынку.

«Нацбанк хоча перакласці на камерцыйныя банкі пытанне па забяспечанні краіны валютай. Тым больш што ў банкаў сапраўды існуюць валютныя рэзервы, доступ да замежных крэдытных лініяў, — кажа эксперт. — Адсюль і павышэнне ставак па СВОП. Калі раней банк мог папоўніць рублёвую ліквіднасць за кошт рэсурсаў Нацбанка, то цяпер рэсурсы цэнтральнага банка сталі для камерцыйных банкаў прыкметна даражэйшымі».

Адпаведна, банкі вымушаныя альбо прадаваць валюту на ўнутраным рынку, альбо прыцягваць яе з-за мяжы, каб затым прадаць і папоўніць сваю рублёвую ліквіднасць.

Беларускія банкі ва ўмовах дэфіцыту рублёвай ліквіднасці, як адзначалася вышэй, плануюць падвышаць стаўкі па крэдытах.

Аднак тут узнікае далікатнае пытанне — як адаб’ецца рост ставак па крэдытах на крэдытаванні эканомікі?

Топ-мэнэджар буйнога камерцыйнага банка паведаміў Naviny.by, што сёння карпаратыўны сектар гатовы браць крэдыты пад 12%, максімум — пад 15% гадавых. Такім чынам, рост крэдытных ставак можа прывесці да запаволення крэдытавання эканомікі, што ніяк не ўпісваецца ў асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 год.

Зрэшты, банкіры прагназуюць, што калі стаўкі па крэдытах вырастуць занадта моцна, то дзяржава абавязкова пра сябе нагадае.

«Ніхто ж не адмяняў тэлефоннага права, — кажа бізнэс-аналітык аднаго з банкаў. — Калі стаўкі па крэдытах пачнуць імкліва расці, то рэакцыя цэнтральнага банка цалкам прадказальная».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?