Атрымаўшы заданьне зрабіць матэрыял пра беларускамоўных футбольных заўзятараў, я зьвязаўся праз Інтэрнэт з прыхільнікамі менскага «Тарпэда». Дамовіліся сустрэцца на акцыі пратэсту супраць ліквідацыі клюбу. Ідучы на вызначанае месца, увесь час намагаўся ўявіць футбольнага фаната, які размаўляе па-беларуску. Тыповы вобраз прадстаўніка заўзятарскага асяродку, перавязанага шалікам з клюбнай атрыбутыкай, амаль заўсёды нецьвярозага, часьцей за ўсё лысага і мацюклівага, зь беларускай мовай неяк не вязаўся. Аднак мае чаканьні ня спраўдзіліся. Я ўбачыў звычайных маладых людзей, апранутых, як большасьць беларускіх студэнтаў. Убачыўшы такіх у натоўпе, я наўрад ці падумаў бы, што перада мною футбольныя заўзятары.

Сяргей і Дзяніс у заўзятарскім асяродзьдзі восем-дзесяць гадоў — палову жыцьця. Робіцца зразумелай іх трывога за ўлюбёны клюб і рашучасьць зрабіць усё магчымае дзеля яго захаваньня.

«Заўзець» па-беларуску

Беларускамоўных сярод фанатаў няшмат, а тых, хто карыстаецца мовай прынцыпова, і пагатоў. Аднак гэта найбольш актыўная і інтэлектуальная група фанацкага асяродзьдзя. Гэтыя людзі робяць заўзятарскія сайты, выпускаюць часопісы ды ўлёткі па-беларуску. Сваёй энэргіяй яны захапляюць астатніх. Хлопцы расказваюць пра этнічнага расейца, што праз знаёмства зь імі пачаў размаўляць па-беларуску.

Да беларушчыны яны прыйшлі не адразу, аднойчы зразумеўшы, што па-іншаму проста нельга. Любая заўзятарская групоўка мае ў арсэнале набор агітацыйных сродкаў — гімны, лёзунгі, крычалкі, атрыбутыку. Тарпэдаўскія фанаты пераклалі свой гімн на беларускую мову, а перад адной з апошніх гульняў адзін аматар выканаў яго перад усім стадыёнам. Яшчэ раней гледачам раздаваліся ўлёткі зь беларускім тэкстам гімну. Маладыя людзі з зайздрасьцю адзначаюць: «У любой нармальнай краіне стадыёны сьпяваюць гімны сваім камандам на сваёй мове, чым нікога ня зьдзівіш». Аднак аптымізму ня трацяць і вераць, што аднойчы падтрымка на стадыёне будзе гучаць на роднай мове. На гульнях з удзелам «Тарпэда» можна ўбачыць велізарную чорна-белую расьцяжку з надпісам беларускай лацінкай «Найвялікшы і найлепшы. Мы заўжды з табой».

Аматары…

Большасьць абывацеляў мае стэрэатыпнае ўяўленьне пра заўзятараў, не адрозьніваючы простага аматара ад футбольнага хулігана. Дзяніс — аматар. Ён наведвае толькі хатнія гульні свайго клюбу і ня схільны да боек з апанэнтамі. Тым ня менш, ён актыўна ўдзельнічае ў жыцьці аматарскай плыні.

…і хуліганістыя джэнтэльмэны

Сяргей — хуліган са стажам. Яго беларускамоўнасьць — гэта сямейнае. Сярод яго паплечнікаў сустракаюцца вельмі розныя людзі — студэнты, бізнэсмэны, рабочыя. Сваю падтрымку чорна-белым выказваюць музыкі гурту «Чырвоным па беламу». Хуліганы суправаджаюць свой клюб на выездах, падтрымліваюць на хатніх гульнях. Падчас матчаў здараюцца сутычкі зь іншымі хуліганамі — гэтак варагуючыя бакі высьвятляюць адносіны. Такім чынам вытрачвае нэгатыў, напружанасьць. Такі сабе футбольны байцоўскі клюб. «Нехта застаецца хуліганам на ўсё жыцьцё. Я ж цяпер ведаю, на што я здольны ў экстрэмальных сытуацыях, калі застаесься адзін перад непрадказальным натоўпам. Я выпрабоўваю сябе і лічу, што гэта больш рэальна і натуральна, чым захапленьне горнымі лыжамі, — кажа Сяргей. — Я ведаю, што цяжка зразумець матывы, якія рухаюць намі. Хуліганам можа стаць ня кожны, але ў кожным чалавеку можна знайсьці тую нянавісьць, якую проста неабходна неяк выліць. І лепш гэты нэгатыў адчуюць ня блізкія нам людзі, а такія ж, як мы, падчас бойкі. Вядома, што гэта не цывілізавана на ўзроўні чалавецтва, але справядліва ў адносінах да сям’і і знаёмых».

Апошнім часам сутычкі між фанатамі робяцца нечым накшталт спорту. Выпрацаваны нават адмысловыя правілы: у 2001 г. у Віцебску прадстаўнікі ўсіх хуліганскіх груповак прынялі своеасаблівыя правілы «fair play», паводле якіх забараняецца ўжываньне любой зброі, зьбіцьцё тых, хто апынуўся на зямлі. Такой ініцыятывы ня ведае ніводная фанацкая супольнасьць сьвету.

«Тарпеда» у сеціве

Маханьне кулакамі — не адзіны занятак хуліганаў. Кожны клюб мае афіцыйны і аматарскі сайты. «Тарпэдоны» ўжо пяты год у сеціве, трэці — па-беларуску. Інтэрнэт-старонка карыстаецца папулярнасьцю і аўтарытэтам ў наведвальнікаў ня толькі зь Беларусі, але і сярод усходнеэўрапейскіх фанатаў. Сайт зьмяшчае фотаархіў, відэашэрагі, у хуткім часе зьявіцца аўдыёзапіс гімну «Тарпэда». Штодня яго наведвае 150—200 чалавек.

Да беларусізацыі тарпэдаўскага сайту іншыя клюбныя аматары паставіліся па-рознаму. Адвечныя «ворагі» — фэны менскага «Дынама», якія прытрымліваюцца прарасейскіх імпэрскіх поглядаў, — падкрэсьлена нэўтральна, а гомельскія «ворагі» перанялі іх вопыт. На гомельскім сайце www.green-white.front.ru можна прагаласаваць на карысьць адной зь дзяржаўных моў. Паказальна, што за беларускую мову на цяперашні момант прагаласавала 37% наведвальнікаў. Сяргей сьцьвярджае, што сярод фанатаў ёсьць розныя людзі, і ў любым асяродзьдзі знаходзяцца здольныя зірнуць вышэй за надуманыя спрэчкі. Інтэрнэт дазваляе кантактаваць такім заўзятарам, не зважаючы на супярэчнасьці.

Капітаны без карабля

«Нас ніхто не прымушае вандраваць за сваімі кумірамі, лезьці ў бойку. Нам падабаецца так жыць, і ў такіх умовах мацуецца сапраўднае сяброўства і адказнасьць. Я і мае сябры ніколі не адмовімся ад свайго клюбу, нават калі ён перастане існаваць. Мы верым, што пераможам! Раней ці пазьней», — кажа Сяргей.

Паводле яго слоў, некаторыя ягоныя калегі дыскрэдытуюць сваімі паводзінамі ўвесь рух, і дзякуючы ім ствараюцца ўстойлівыя стэрэатыпы пра «недалёкіх» і «адмарожаных» фанатаў. Беларускія фанаты не «заўзеюць» за чужыя клюбы, не зважаючы на слабасьць нацыянальнага футболу. Маладое пакаленьне аматараў жыве паводле ўласных правілаў і не баіцца выказваць пачуцьці да сваіх куміраў на роднай мове.

Адзінае беларускамоўнае хуліганскае выданьне

Сёмы год тарпэдаўцы выдаюць часопіс «Тарпэдаўскі фан-кур’ер». Выходзіць ён пры канцы кожнага году і ўяўляе сабою справаздачу пра футбольныя і каляфутбольныя падзеі. Гэта адзінае беларускамоўнае хуліганскае выданьне ў нашай краіне. Наклад абмежаваны, таму замовіць часопіс можна па электроннай пошце (адрас [email protected]).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0