Рэспубліканская Дзяржаўтаінспекцыя аб’явіла аб узмацненні кантролю за выкарыстаннем рамянёў бяспекі кіроўцамі і пасажырамі, а таксама за выкананнем кіроўцамі правілаў карыстання радыё- і тэлефоннай сувяззю падчас руху.

Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні ДАІ МУС Беларусі.

У Дзяржаўтаінспекцыі адзначаюць, што дзеянне рэменя накіравана на змякчэнне наступстваў ДТЗ, асабліва цяжкасці траўм, што атрымліваюць кіроўца і пасажыры. Рэмень бяспекі, ператвараючы вадзіцеля ў адзінае цэлае з салонам аўтамабіля, засцерагае яго ад удару або ад небяспекі быць выкінутым праз дзверы альбо ветравое шкло.

Многія краіны даследавалі эфектыўнасць выкарыстання рамянёў бяспекі. Згодна са звесткамі Вышэйшага інстытута аховы здароўя Італіі, іх прымяненне садзейнічала скарачэнню колькасці ДТЗ з цяжкімі траўмамі і смяротным зыходам на 60–80%, а з менш цяжкімі — на 40–60%. Французскія спецыялісты ў галіне пасіўнай бяспекі аўтамабіля ўстанавілі, што ў выпадку франтальнага сутыкнення прымяненне рамянёў бяспекі ў дзевяць разоў зніжае верагоднасць атрымання цяжкіх або смяротных раненняў галавы ў пасажыраў, якія знаходзяцца на пярэдніх сядзеннях.

Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі настойліва рэкамендуе не пагарджаць рамянямі бяспекі,

а кіроўцам, якія перавозяць малалетніх дзяцей, устанавіць у салонах аўтамабіляў спецыяльныя дзіцячыя фатэлі.

ДАІ нагадвае, што за не прышпілены рэмень бяспекі кіроўцу могуць папярэдзіць або пакараць штрафам да адной базавай велічыні (35 тысяч рублёў). Паўторнае такое парушэнне на працягу года пацягне павелічэнне адказнасці — штраф ад дзвюх да пяці базавых велічынь.

Штраф за парушэнне правілаў карыстання радыё- і тэлефоннай сувяззю падчас руху можа скласці да дзвюх базавых велічынь, паўторна на працягу года — ад дзвюх да васьмі базавых велічынь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?