Пра гэта Хосні Мубарак аб’явіў у звароце да народа па дзяржаўным тэлебачанні. Дэманстранты сустрэлі гэтыя словы хваляй абурэння. Людзі не разыходзяцца з плошчы Тахрыр.

 Хосні Мубарак зачытвае зварот да нацыі.

Хосні Мубарак зачытвае зварот да нацыі.

 Плошча Тахрыр, Каір, 10 лютага 2011. Фота ЕРА.

Плошча Тахрыр, Каір, 10 лютага 2011. Фота ЕРА.

«Я ганаруся народам Егіпта», — пачаў прэзідэнт краіны свой выступ. Мубарак прызнаў права народа на пратэст і папрасіў прабачэння ў сем'яў загінулых. Пры гэтым ён падкрэсліў, што не паддасца на ціск звонку. Прэзідэнт Егіпта заявіў, што не збіраецца балатавацца на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах, але будзе кіраваць краінаў на працягу пераходнага перыяду. Частку сваіх паўнамоцтваў да верасня ён перадае віцэ-прэзідэнту Аману Сулейнаму. Будзе адменены закон аб вайсковым становішчы.

Ён паабяцаў пакараць усіх адказных за жорсткі разгон дэманстрацый і гібель людзей. Мубарак гаварыў пра неабходнасць зменаў выбарчага заканадаўства і канстытуцыі краіны. Гэта неабходна для таго, каб забяспечыць празрыстасць парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў гэтым годзе.

Мубарак паўтарыў, што не збіраецца пакідаць краіну і хоча памерці на сваёй зямлі. Ён падкрэсліў, што Егіпет вышэй чалавечых амбіцый.

Дэманстранты сустрэлі словы Мубарака хваляй абурэння. Людзі не разыходзяцца з плошчы Тахрыр. Яны скандуюць лозунгі: «Мубарак, сыходзь!» Тэлеканал «Euronews» паведамляе пра невялікія сутычкі ў натоўпе паміж праціўнікамі і прыхільнікамі рэжыму Мубарака.

Услед за Мубаракам з тэлезваротам выступіў віцэ-прэзідэнт Аман Сулейман. Ён заклікаў людзей разысціся па дамах.
«Прэзідэнт даручыў мне ўзяць на сябе ўсю адказнасць за стабільнасць у краіне. Каб не дапусціць гвалту і вярнуцца да нармальнага жыцця», — заявіў ён.

Аман Сулейман заклікаў егіпцян зрабіць свой унёсак у гэту справу. Ён паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць мірную перадачу ўлады, заявіўшы, што ўсё неабходнае для гэтага ёсць. Віцэ-прэзідэнт заклікаў моладзь Егіпта разыходзіцца і пачаць працаваць.

«Ваша праца патрэбна краіне. Не слухайце спадарожнікавае тэлебачанне, яно хоча пасеяць між намі варажнечу. Слухайце сваё сэрца».

Амар Сулейман заявіў, што мірная перадача ўлады павінна грунтвацца на павазе да канстытуцыі, алі і адначасова на павазе да патрабаванняў грамадзянаў.

Сотні тысяч егіпцян у чацвер выйшлі на вуліцы Каіра ў чаканні звароту прэзідэнта Мубарака да народу. З розных крыніцаў, у тым ліку з-за мяжы, паступала інфармацыя пра тое, што Мубарак сёння можа падаць у адстаўку.
Пра магчымы сыход заявіў прэм’ер-міністр Егіпта Ахмет Шафік. У сваю чаргу, міністр інфармацыі Анас аль-Фікі абвяргаў гэтыя словы, а таксама паведамленні прэсы, назваючы іх чуткамі. Па яго словах, у сваім пасланні Хосні Мубарак не будзе адракацца ад сваёй пасады.

Егіпецкія вайскоўцы афіцыйна прызналі права народа на пратэст, але пры гэтым падкрэслілі, што будуць вымушаныя разагнаць акцыю пратэсту, калі дэманстранты не прызнаюць перадачу ўлады ад Мубарака да віцэ-прэзідэнта Амара Сулеймана. Такі варыянт змены ўлады ў Егіпце, як адзін з самых верагодных, агучылі СМІ. Кіраўніцтва забароненай партыі «Браты-мусульмане» загадзя назвала такі варыянт путчам.

Шматтысячныя акцыі пратэсту ў Егіпце трываюць 17-ы дзень. У сутычках з паліцыяй і прыхільнікамі Мубарака загінула каля 300 чалавек, тысячы былі параненыя. Краіна панесла велізарныя эканамічныя страты: кожны дзень дэманстрацый ацэньваюцца прыблізна ў 310 мільёнаў даляраў.

Да пратэстоўцаў далучыліся выкладчыкі ўніверсітэтаў, медыкі, суддзі, супрацоўнікі Суэцкага канала, дзяржслужбоўцы.

***

Даведка «Радыё Свабода»

Хосьні Мубарак – эгіпецкі вайсковы, палітычны і дзяржаўны дзеяч, прэзыдэнт Эгіпту ў 1981-2011.

Мубарак нарадзіўся ў 1928 г. у малой вёсцы ў дэльце Нілу. У 1949-1974 гг. ён служыў у арміі, у якой дайшоў да пасадаў камандуючага вайскова-паветранымі сіламі і намесьніка міністра абароны краіны. У 1959-1960 і 1964-1965 гг. Мубарак абучаўся ў СССР, у тым ліку ў Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ ў Маскве.

У 1975 г. прэзыдэнт Эгіпту Анвар Садат назначыў Мубарака віцэ-прэзыдэнтам краіны. Калі Садат быў забіты ісламістамі падчас вайсковага параду 6 кастрычніка 1981 г., Мубарак стаў прэзыдэнтам і ўвёў у краіне надзвычайнае становішча.

Прэзыдэнт Мубарак быў пераабраны большасьцю галасоў на рэфэрэндумах у 1987, 1993 і 1999 гадах. Галасаваньне праходзіла па адзінай кандыдатуры. Неабходнасьць рэфэрэндумаў абгрунтоўвалася захаваньнем надзвычайнага становішча ў краіне, выкліканага абвастрэньнем ісламскай праблемы.

26 верасьня 1999 г. у Эгіпце прайшоў рэфэрэндум аб падаўжэньні на шэсьць гадоў прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Мубарака, па выніках якога ён захаваў пасаду прэзыдэнта, атрымаўшы падтрымку ў 93,79% галасоў.

У 2005 годзе былі прынятыя папраўкі да Канстытуцыі, дзякуючы якім партыі атрымалі права вылучаць сваіх кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Першыя выбары па новай сыстэме прайшлі 7 верасьня 2005 года. Як і чакалася, Мубарак атрымаў перамогу. Законнасьць гэтых выбараў ставіцца пад сумнеў, паколькі было зафіксавана мноства парушэньняў.

29 студзеня 2011 г., пяць дзён пасьля пачатку вулічных пратэстаў супраць свайго кіраўніцтва, Мубарак назначыў віцэ-прэзыдэнтам Амара Сулеймана, які да таго часу быў шэфам эгіпецкай спэцслужбы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?